Артыкулы: Іосіф ІІ (Ілля Солтан)

Іосіф ІІ (у свеце Ілля Солтан) (?—1521/1522) — дзеяч праваслаўнай царквы, епіскап смаленскі (1503—1507), мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсёй Русі (1507—1521/1522).

Паходзіў з не вельмі заможнага баярскага роду з-пад Лагойска (адрознага ад магнацкага роду Солтанаў). Свецкае імя — Ілля. Браты: Міхаіл, Грынька. Сёстры: Марына (замужам за Васілём Гарнастаем) і Ганна (замужам за князем Аляксандрам Чартарыйскім)[1].

Як паведамляе архімандрыт Супрасльскага манастыра Сергій Кімбар у пасланні кіеўскаму мітрапаліту Макарыю ІІ (1534—1555), Іосіф Солтан «света того немалую часть обышол, хотячи положение его светское и духовное видети, и по апостолу лучшее от худшего розделяя и в себе яко губа воду взимая»[2].

Першая вядомая яго духоўная пасада — епіскап смаленскі. У 1503 вялікі князь Аляксандр дараваў Іосіфу, яшчэ толькі нарачонаму епіскапу, тры маёнткі ў Бельскім павеце, якія той пераказаў Супрасльскаму манастыру. У 1507 ад наступнага гаспадара Жыгімонта Старога смаленскі епіскап атрымаў яшчэ адно падараванне — сяло Капусцінскае.

У канцы гэтага года Іосіф быў абраны на пасаду мітрапаліта, бо ў студзені 1508 ужо мае тытул нарачонага мітрапаліта. Благаславенне ад канстанцінопальскага патрыярха Пахомія нарачоны мітрапаліт атрымаў недзе ў лютым—верасні 1509 (10.02.1509 названы яшчэ нарачоным мітрапалітам, 20.09.1509 падпісаўся як мітрапаліт). 25.12.1509 на Віленскім саборы 1509—1510 адбылася афіцыйная інтранізацыя мітрапаліта. З гэтага часу ён тытулаваўся «волею Божиею Иосиф архиепископ, митрополит Киевский и Галицкий и всея Руси» (наступныя мітрапаліты таксама працягвалі называцца кіеўскімі і галіцкімі), а Смаленскую епархію перадаў новаму епіскапу, пастаўленаму ад сябе — Варсанофію. Ад вялікага князя Жыгімонта Старога мітрапаліт Іосіф у 1509 і 1512 дамогся ўніверсалаў, якія ўмацоўвалі яго ўладу як архіпастыра. Важным чынам новага мітрапаліта стала скліканне памеснага сабора «о церковных вещех и о исправлении дел духовных» праваслаўнай царквы ВКЛ, які адбыўся ў Вільні 25 снежня 1509—18 студзеня 1510. Захаваўся саборны акт[3], упершыню надрукаваны шмат гадоў пасля, у 1614. У 1511 мітрапаліт Іосіф дамогся ад гаспадара ВКЛ вялікага і важнага прывілея, якім той пацвердзіў уладныя і маёмасныя правы мітрапаліта. Новы сабор мітрапаліт Іосіф склікаў у Вільні ў 1514. На ім было ўстаноўлена шанаванне святога Елісея Лаўрышаўскага, а таксама выдадзены мітрапаліцкі ліст са шматлікімі льготамі Супрасльскаму манастыру. Важнае царкоўна-юрыдычнае значэнне меў ліст, выдадзены мітрапалітам Іосіфам у снежні 1511 віленскім мяшчанам, у якім ён устанаўліваў, наколькі мяшчане маглі ўдзельнічаць у справах прыходскіх цэркваў. Шмат клопатаў мітрапаліту каштавала пільнаванне зямельных уладанняў, і тых, якія ён перадаў Супрасльскаму манастыру, і сваіх уласных маёнткаў[4]. Ніякіх памкненняў усталяваць сувязі з Рымскай курыяй мітрапаліт Іосіф не рабіў.

Мітрапаліт Іосіф вядомы як буйны арганізатар кніжна-царкоўнай справы. З яго імем звязана стварэнне кніг, якія мелі выключнае значэнне для ўпарадкавання царкоўнага жыцця. Па-першае, гэта аўтарытэтная кніга вялікага аб’ёму — Пролаг 1512[5]. У пасляслоўі да яе, між іншым, сказана, што яна створана «замышленіемь и повеленіемь г(оспо)д(и)на митрополита кіевского и всея Роуси кирь Иосифа а многыи хоужшій и меншіи нарочитою въ грѣшницех инок діаконець Іоакимець, а роукою многых дьяковь»). Я.Л.Неміроўскі мяркуе, што для стварэння Пролага 1512 быў арганізаваны спецыяльны скрыпторый (не ў Вільні), у якім «шматлікія дзякі» працавалі пад кіраўніцтвам і «наглядам дыяканца Іаакімца», а пасля кнігу зверылі ў Вільні. Месца стварэння кнігі Я.Л.Неміроўскі не называе, можа — Супрасльскі манастыр? (адтуль яна паходзіць). Аднак у прыпісцы ўказана, што кніга напісана пры новагародскім ваяводзе Яну Янавічу Забярэзінскім, значыць — у межах Новагародскага ваяводства. У прыпісцы ўпамянуты храм святых Барыса і Глеба, значыць — Новагародак? Там сапраўды маглі быць сабрыныя «шматлікія дзякі» — пісцы кнігі, бо цэркваў у горадзе было некалькі. М.В.Нікалаеў у якасці магчымых месцаў напісання Пролага называе Новагародак або Лаўрышаўскі манастыр, апошні трэба адкінуць.

Другая важная кніга, створаная на загад мітрапаліта Іосіфа — Пяцікніжжа Маісея 1513[6]. Яе пасляслоўе сведчыць: «Списаны быша книги сіа в богохранимѣмъ великом и славном градѣ оу Вильни, въ обители пр(е)ч(и)стыя Б(о)гом(а)т(е)ре и чесного ея оуспеніа[…] повеленіемъ и бл(а)г(осло)веніемъ пр(ео)с(вя)щ(ен)ного архиепискоупа киръ Іосифа, митрополита киевъскаго и всея Роуси. Написа же книги сия роукою своею рабъ Б(о)жіи Фед(о)р, дьяк митропольи». Тут прама названы мітрапаліцкі пісар — Фёдар, які ў дадзеным выпадку напісаў кнігу, але пры патрэбе мог, зразумела, пісаць і дзелавыя паперы.

Да творчых ініцыятыў Іосіфа Солтана адносяць трэцюю рэдакцыю Ізмарагда[7], Новагародскую рэдакцыю Пролага[8].

Памёр мітрапаліт у канцы 1521 або ў 1522.

Дакументы:

Да нашага часу захаваліся вялікая дакументальная спадчына Іосіфа ІІ:

Даравальны ліст епіскапа смаленскага Іосіфа Солтана Супрасльскаму манастыру на маёнткі Тапільцы, Бацюцічы, Пышчаў, Уладычычы ў Бельскім павеце. Вільня, 1506 г., мая 11[9].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана віленскім мяшчанам з дазволам служыць царкоўную службу на рухомым антымінсе, прысланым канстанцінопальскім патрыярхам. Вільня, 1509 г., верасня 20[10].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана А.І.Хадкевічу з дазволам святарам служыць на антымінсе канстанцінопальскага патрыярха. 1510, чэрвеня 27[11].

Устаў Супрасльскага манастыра, дадзены яго кцітарамі — мітрапалітам Іосіфам ІІ Солтанам і А.І.Хадкевічам. Супрасльскі манастыр, 1510 г., кастрычніка 15[12].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана віленскім мяшчанам з вызначэннем іх кампетэнцыі ў справах прыходскіх цэркваў. Вільня, 1511 г., снежань[13].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана Супрасльскаму манастыру на маёнткі Уладычыцы і інш. 1513 г., ліпеня 28[14].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана Супрасльскаму манастыру з абяцаннем не ўмешвацца ў справы манастыра, не збіраць з яго паборы і пастаўляць ігуменам таго, каго абіруць манахі. 1514 г., лютага 5[15].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана А.І.Хадкевічу з просьбаю абараніць Супрасльскі манастыр ад маёмасных дамаганняў суседніх землеўласнікаў. Хворашч, 1514 г., чэрвеня 19[16].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана падскарбію дворнаму І.А.Солтану з дазволам замены дзесяціны на прыдзел Узнясення Хрыстова пры Васкрасенскай царкве ў Троках. Новагародак, 1515 г., мая 29[17].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана А.І.Хадкевічу з паведамленнем, што жыў у Хорашчы, належным Супрасльскаму манастыру, не па сваёй волі, але па просьбе супрасльскага ігумена. 1515 г., кастрычніка 1[18].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана ігумену Выдубіцкага манастыра Іаакіму на зямлю Гнілецкага манастыра. Менск, 1517 г., чэрвеня 5[19].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана ігумену Кіеўскага Пустынскага Мікольскага манастыра Сергію «з гневам» за паляванне на баброў на р. Баршчоўка без дазволу яго і сафійскага мітрапаліцкага намесніка Ваські Панькавіча. Не пазней 1517 г.[20].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана А.І.Хадкевічу з паведаленнем, што маёнтак Тапілец атрымаў ад кароля Аляксандра і запісаў Супрасльскаму манастыру, і просьбай апякаць і абараняць яго. 1519 г., чэрвеня 19[21].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана гараднічаму троцкаму Багухвалу Дзмітрыевічу і ключніку троцкаму Вялічку з просьбай хадатайнічаць аб прызначэнні на троцкую архімандрыю святара Васіля. На Вацэ, 1519 г., верасня 18[22].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана падскарбію дворнаму І.А.Солтану з прапановай прызначыць новага ігумена манастыра ў Троках. Менск, 1519 г., снежня 31[23].

Ліст мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана падскарбію дворнаму І.А.Солтану з паведамленнем, што ён паставіў ігуменам Троцкага манастыра святара Васіля. Менск, 1520 г. сакавіка 27[24].

Некалькі павучанняў у складзе Кормчай (аўтарства Іосіфа ІІ Солтана няпэўнае)[25].

Дакументы, атрымальнікам якіх быў мітрапаліт Іосіф ІІ Солтан:

Прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра нарачонаму епіскапу смаленскаму Іосіфу на маёнткі Тапільцы, Бацюцічы, Пышчаў у Бельскім павеце. Вільня, 1503 г., верасня 15[26].

Прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога епіскапу смаленскаму Іосіфу на сяло Капусцінскае. 1507 г., ліпеня 18[27].

Ліст вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога намесніку смаленскаму Юрыю Зяноўевічу, нарачонаму мітрапаліту Іосіфу і акольнічым смаленскім пра арэнду смаленскіх корчмаў. Кракаў, 1508 г., лютага 26[28].

Універсал вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога пра выдачу слугам мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана людзей, якія жывуць не па правілах праваслаўнай царквы, для іх перадачы ў духоўны суд. Вільня, 1509 г., лютага 10[29].

Прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану з пацвярджэннем уладных, судовых і маёмасных правоў праваслаўных мітрапалітаў ВКЛ. Берасце, 1511 г., ліпеня 2[30].

Просьба віленскіх саборных святароў мітрапаліту, каб яны былі дапушчаны да карыстання саборнай маёмасцю. 1511 г.[31].

Прадажны ліст князя В.І.Саламярэцкага мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану на сяло Прылепы. Вільня, 1512 г., верасня 15[32].

Універсал вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога праваслаўным жыхарам Слонімскага павета пра іх падсуднасць у духоўных справах дзесяцільніку мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана. Кракаў, 1512 г., верасня 15[33].

Ліст Рады ВКЛ мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану і дзяржаўцы менскаму князю Б.І.Жаслаўскаму з патрабаваннем прывесці Менскі замак у баявую гатоўнасць і прывесці гарнізон да прысягі. Вільня, 1513 г., студзеня 20[34].

Ліст ваяводы віленскага, канцлера ВКЛ М.М.Радзівіла і маршалка земскага ВКЛ С.П.Кішкі мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану з прапановай неадкладна прыбыць у Вільню на пахаванне вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай Алены Іванаўны. Вільня, 1513 г., студзеня 25[35].

Прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану і яго наступнікам на пляц у Менскім замку для пашырэння мітрапаліцкага двара, выдадзены па просьбе князя К.І.Астрожскага. Вільня, 1514 г., снежня 23[36].

Прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога князю К.І.Астрожскаму на пабудову млына на р. Вільні і перадачу яго Віленскаму Прачысценскаму сабору і мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану і яго наступнікам. Вільня, 1515 г., снежня 29[37].

Прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану на дзве карчмы ў Новагародку з пацвярджэннем раней належных чатырох корчмаў. Вільня, 1516 г., ліпеня 30[38].

Ліст сафійскага мітрапаліцкага намесніка Ваські Панькавіча мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану са скаргаю на ігумена і манахаў Кіеўскага Пустынскага Мікольскага манастыра, якія пабілі баброў у р. Баршчоўка без дазволу яго і мітрапаліта. Не пазней 1517 г.[39].

Ліст сафійскага мітрапаліцкага намесніка Ваські Панькавіча мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану з паведамленнем, што паводле прыгавору ваяводы кіеўскага А.Неміровіча млынішча на р. Баршчоўка належыць Кіеўскаму Пустынскаму Мікольскаму манастыру. Не пазней 10 верасня 1517 г.[40].

Запіс ключніка віленскага Рыгора Ісаевіча Грамыкі Мікольскай царкве ў Менску і мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану на млын на р. Цна і два возеры. Менск, 1518 г., лютага 3[41].

Прадажны ліст Я.Завішыча мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану на сяло Прылепы. Новагародак, 1518 г., лютага 21[42].

Пацвярджальны прывілей вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану на купленае ім сяло Прылепы. Кракаў, 1518 г., мая 7[43].

Запіс Івана Полазавіча з жонкаю Настассяй на зямлю Загальцы ў Кіеўскім павеце Кіеўскаму Сафійскаму сабору і мітрапаліту Іосіфу ІІ Солтану. 1518 г., снежня 15[44].

Мітрапаліт Іосіф Солтан удзельнічаў у судовых працэсах і розных справах, якія адлюстраваны ў дакументах:

Ліст Антонія Крыцкага, сафійскага намесніка мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана, па вызначэнні межаў паміж сенажацямі Кіеўскага Пустынскага манастыра і падданых мітрапаліта, якія жывуць каля Спаса на Берастове. Кіеў, 1508 г., чэрвеня 24[45].

Судовы ліст вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога па скарзе архіепіскапа полацкага Яўфімія на мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана аб непрызнанні апошнім архіепіскапскага сану Яўфімія. Берасце, 1511 г., ліпеня 5[46].

Ліст баярына Стафана Чапліча аб абмене землямі з Супрасльскім манастыром з дазволу мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана. Уладычычы, 1516 г., ліпеня 20[47].

Судовы ліст ваяводы віленскага, канцлера ВКЛ М.М.Радзівіла па справе гаспадарскіх людзей Суражскай воласці з мітрапалітам Іосіфам ІІ Солтанам. Янева, 1516 г.[48].

Лісты вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога канонікам касцёла св. Станіслава ў Вільні па іх спрэчцы з мітрапалітам Іосіфам ІІ Солтанам адносна зямлі і даннікаў у сяле Ганявічы. Вільня, 1516 г., лютага 1; Вільня, 1517 г., студзеня 18[49].

Прывілеі вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога з зацвярджэннем прысуда мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана пра законнасць сыноў полацкай баярыні Улляны. Кракаў, 1518 г., кастрычніка 30[50]; Вільня, 1522 г., чэрвеня 27[51]; Вільня, 1528 г., лістапада 3[52].

Лісты вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога канонікам касцёла св. Станіслава ў Вільні па іх спрэчцы з мітрапалітам Іосіфам ІІ Солтанам адносна межаў Ганявіцкай зямлі. Кракаў, 1532 г., лютага 25[53].

Некаторыя дакументы Іосіфа Солтана былі надрукаваны ў ХІХ ст., узяты яны былі з архіва ўніяцкіх мітрапалітаў. Яны адзначаны і ў вопісе гэтага архіва 1763 г. Сярод іх дакументы агульнацаркоўнага значэння:

«1.4. Dnia 20 januarij. List od senatorow do j. xiędza Jozefa metropolity aby zamek Minski opatrzył, bojarow zgromadził y onych przysięgi na wierność wysłuchał. […]

1.6. 1509 dnia 10 septembra. Pozwolenie Jozefa metropolity kapłanowi pewnemu na antimisię patryarskim w Polszcze y Niemczech odprawowac msze swięte.

1.7. 1511 dnia 2 julij. Przywiley krula Zygmunta Pierwszego na wolność, aby swieccy duchownych spraw nie sądzili, gaudendo privilegijs Jarosławia xiązencia, Alexandra etc. Monarchow, z dwoma extraktami»[54];

акты, датычныя Вільні і Віленскай саборнай царквы:

«18.2. 1511. Dekret Jozefa Sołtana metropolity, aby się mieszczanie do cerkwi Wileńskiey nie interesowali etc. (гл. ліст мітрапаліта віленскім мяшчанам 1511 г. — В.П.)

18.3. Eodemanno. Dowody y argumenta przeciwko mieszczanom wilenskim, aby do kluczow cerkiewnych nie należeli.

18.4. Eodem anno. Prozba sobornych wileńskich kapłanów do metropolity, aby dobra do cerkwi byli przywrocome. […]

33.1. 1515 dnia 29 decembra. Kopia przywileju na młyn w Wilnie wyżey wojewodzinskiego na Wilence metropolicie od Zygmunta Pierwszego dany»[55].

У іншым месцы ў вопісе 1763 г. адзначаны дакументы, датычныя мітрапаліцкіх уладанняў у Менску, бліжэй незнаёмыя:

«92.2. 1510 dnia 31 januarij. Dekret Jozeffa Sołtana metropolity przysądzający dwor w Minsku przed Spaską cerkwią należący do cerkwi soborney.

92.3. 1514 dnia 23 decembra. Kopia przywileju krula Zygmunta Pierwszego na rozszerzenie dworu metropolitanskiego w zamku Minskim, z oryginałem.

92.4. 1516 dnia 2 augusta. Kopia przywileju Zygmunta Pierwszego confirmationis na place w Minsku na mostem [!] xięzom metropolitom, z originałem.

92.5. 1519 dnia 5 marca. Kopia prawa na dworzyszcze Tereszkowiczowskie Jozefowi Sołtanowi metropolicie na siedym kop groszy litewskich danego, z oryginałem»[56];

а таксама прадажны акт В.Саламярэцкага на сяло Прылепы, праўда, з памылковай датай 1627 г.:

«95.11. 1627. [!] Prawo wieczyste na Przylepy od pana Bazylego Sołomereckiego j. xiędzu Jozefowi Sołtanowi metropolicie»[57].

Прадажны ліст Я.Завішыча на другую палову Прылепаў у вопісе 1763 г. упамінаецца ўскосна, у загалоўцы 97-й звязкі дакументаў, хоць сам дакумент у гэтай звязцы не адзначаны:

«Fasciculus nonagesimus septimus. Sprawy rózne między Bykowskiemi, Owłoczymskiemi, Makarewiczami, Tracewskiemi, Poniatowskiemi, Komarem y innemi do Usiazy y Kołodzieży nałeżącymi, az poki Usiaz y Kołodziez cum attinentijs dostaly się Poniatowskiemu y jenealegie [!] Jozefa Sołtana metropolity, co się komu dostało, y ze Sołtan u Zawiszy kupił Przylepy»[58].

Яшчэ адзін дакумент у вопісе 1763 г. пададзены вельмі агульна:

«173.1. Dnia 20 februarij. List metropolity Jozeffa do Mikołajewicza, wojewody wileńskiego, o kapłana»[59].

Тут пад віленскім ваяводам «Мікалаевічам» можна разумець толькі Мікалая Мікалаевіча Радзівіла (1510—1522), такім чынам, упамянуты ў запісе мітрапаліт Іосіф можа быць толькі Іосіфам ІІ Солтанам. Яго ліст датычыўся нейкага святара («каплана») у невядомай справе.

Як бачна, дакументы мітрапаліта Іосіфа ІІ Солтана былі даволі значна прадстаўлены ў мітрапаліцкім архіве ў XVIII—ХІХ стст., у адрозненне ад дакументаў яго папярэднікаў на мітрапаліцкай пасадзе. Такім чынам, толькі з часоў Солтана мітрапаліцкі архіў зрабіўся сталай установай, якая захоўвала пэўны склад дакументаў на працягу стагоддзяў. Што было таму прычынай?

Звернем увагу на наступныя фактары.

Іосіф Солтан вылучаецца ў шэрагу сваіх папярэднікаў і наступнікаў актыўнай арганізатарскай дзейнасцю, імкнучыся прававым шляхам умацаваць становішча праваслаўнай царквы ў дзяржаве і галоўнае — умацаваць становішча мітрапаліта як галавы праваслаўнай царквы. У гэтым рэчышчы Іосіф Солтан дамогся ад Жыгімонта І Старога судовых універсалаў 1509 і 1512 гг., вялікага царкоўнага прывілея 1511 г., а таксама ад сябе выдаў устаў Супрасльскаму манастыру ў 1510 г., устаўны ліст віленскім мяшчанам у 1511 г. Важнейшымі мерапрыемствамі было скліканне мітрапалітам памесных сабораў праваслаўнай царквы ВКЛ у 1509—1510 і 1514 гг. Уся гэта нарматворчая дзейнасць была немагчыма без папярэдняга збірання і вывучэння прававых дакументаў. Ужо адно гэта сведчыць пра імкненне збіраць і ўпарадкоўваць мітрапаліцкі архіў.

Маецца непасрэднае сведчанне і пра клопат мітрапаліта аб арганізацыі ўласнай канцылярыі. Вышэй былі прыведзены пасляслоўі з царкоўных кніг 1512 і 1513 гг., створаных на загад мітрапаліта ў Новагародку і Вільні, у стварэнні якіх прымалі ўдзел «шматлікія дзякі» ў першым выпадку і мітрапаліцкі дзяк Фёдар у другім. У дакуменце, выдадзеным мітрапалітам у 1511 г., адзначана: «А писалъ писарь митрополіи Васко Алехновъ сынъ Мисунича»[60]. Гэта была асоба свецкая. Да гэтага часу ў нас не было звестак пра спецыяльных «пісараў мітраполіі», відаць, тады гэтай дзейнасцю займаліся непасрэдна самі мітрапаліты і духоўныя асобы з іх бліжэйшага атачэння. Мы маем прамое сведчанне яшчэ пра аднаго мітрапаліцкага пісара. Ліст мітрапаліта Супрасльскаму манастыру са шматлікімі льготамі, выдадзены падчас Віленскага сабора 1514 г., «писал двора нашого декъ Езовъ Федковичъ»[61].

Уладкаванню мітрапаліцкага архіва шмат паспрыяла змена парадку перадачы мітрапаліцкай маёмасці наступнаму мітрапаліту. Да Іосіфа Солтана пасля смерці мітрапаліта яго маёмасць, зразумела, і архіў, пераходзілі ў загадванне свецкіх асобаў, прызначаных вялікім князем (гаспадар, у прынцыпе, сам павінен быў распараджацца ў гэты час мітрапаліцкай маёмасцю, але меў для гэтага магчымасцей). Звычайна гэтыя абавязкі выконвалі вялікакняскія дваране. Адсюль вынікалі вялікія злоўжыванні, якія скончваліся раскраданнем каштоўнай маёмасці і знішчэннем непатрэбнай. Беручы пад увагу гэтыя акалічнасці, мітрапаліт Іосіф Солтан перад смерцю прасіў абаронцу праваслаўнай царквы ў ВКЛ, гетмана К.І.Астрожскага ўзяць пад сваю ахову мітрапаліцкую маёмасць. Гетман звярнуўся за дазволам да Жыгімонта І Старога і 26 верасня 1521 г. атрымаў яго[62]. Дзякуючы гэтаму кроку архіў Іосіфа Солтана не быў расцягнуты і не загінуў. Так жа парупіўся і наступны мітрапаліт, Іосіф ІІІ. Усе гэта значна паспрыяла захаванню мітрапаліцкага архіва ў цэлым.

Падрабязнасці:

Белецкий А.В. Родопроисхождение Западнорусского Митрополита Иосифа II Солтана. (Оттиск из №№ 44, 45 и 46 «Лит. Епарх. Ведом.»). Вильна, 1895. 42 с.

Николай, архимандрит. Заметка на статью «Митрополит Иосиф II Солтан и отношение его к Супрасльскому монастырю» // Литовские епархиальные ведомости. 1900. № 5. С. 38—39; № 6. С. 49—50.

Чистякова Марина. Иосиф II Солтан и церковно-литературная деятельность его времени // LatopisyAkademiiSupraskiej. Vol. 1. Prawosławni w dziejach Rzeczypospolitej. Białystok, 2010. С. 35—45, ил.

Темчин Сергей. Обращение Литовской митрополии к константинопольскому патриарху Иоакиму I по вопросу о двух агнцах при поставлении пресвитера // Latopisy Akademii Supraskiej. Vol. 2. Kościół prawosławny na Bałkanach i w Polsce — wzajemne relacje oraz wspólna tradycja. Białystok, 2011. С. 135—139.

Пазднякоў В.С. Архіў праваслаўных і грэка-каталіцкіх мітрапалітаў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIII стст. (гісторыя, структура, склад). Мінск: БелНДІДАС, 2014. 332 с.

© Валерый Пазднякоў, 2016


[1] Белецкий А.В. Родопроисхождение западнорусского митрополита Иосифа II Солтана. Вильна, 1895.

[2] Архив ЮЗР. 1887. Ч. 1. Т. 7. С. 7.

[3] Евгений. Описание Киевософийского собора и киевской иерархии с присовокуплением разных граммат и выписок, объясняющих оное, также планов и фасадов константинопольской и киевской софийской церкви и ярославова надгробия. Киев, 1825. № 10. С. 40—48; Акты исторические, собранные и изданные Археографическою Комиссиею. СПб., 1841. Т. 1. № 289. С. 524—529; Памятники русской старины в западных губерниях империи. СПб., 1874. Вып. 6. С. 163—170.

[4] АЮЗР. Т. 1. № 61. С. 48—49; № 62. С. 49—52.

[5] Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковно-славянских и русских. Вильна, 1882. С. 193—195, 196—198, 199—201; Немировский Е.Л. Франциск Скорина. Жизнь и деятельность белорусского просветителя. Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. С. 112—113; Нікалаеў М.В. Рукапісная кніга на Беларусі ў часы Скарыны // Спадчына Скарыны. Зборнік матэрыялаў Першых Скарынаўскіх чытанняў (1986). Мінск: Навука і тэхніка, 1989. С. 50—51; Чистякова М.В. Текстология вильнюсских рукописных прологов: сентябрь—ноябрь = Vilniaus rankraštinių sinaksarų tekstologija: rugsėjis—lapkritis. Вильнюс: Lietuvių kalbos institutas, 2008.

[6] Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковно-славянских и русских. Вильна, 1882. С. 63—64; Немировский Е.Л. Франциск Скорина. Жизнь и деятельность белорусского просветителя. Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. С. 117.

[7] Чистякова М.В. К вопросу о структуре и источниках 3-й редакции Измарагда (на материале списка БАН Литвы, ф. 19, № 140) // Senoji Lietuvos literatūra. 26 knyga. Vilnius, 2008. С. 123—124.

[8] Чистякова М.В. Текстология вильнюсских рукописных прологов: сентябрь—ноябрь = Vilniaus rankraštinių sinaksarų tekstologija: rugsėjis—lapkritis. Вильнюс: Lietuvių kalbos institutas, 2008.

[9] АСД. Т. 9. № 2. С. 6—7.

[10] АЗР. Т. 2. № 55. С. 66—67.

[11] Захавалася ўпамінанне гэтага ліста ў вопісе архіва Супрасльскага манастыра 1805 г. (Summariusz dokumentów do dóbr supraskich / Do druku przygotował i wstępem opatrzył A.Mironowicz. Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2009. S. 137).

[12] АСД. Т. 9. № 5. С. 16—19; Вестник Западной России. 1865—1866. Кн. 8. Отд. 1. № 3. С. 1—6.

[13] Вестник Западной России. 1866. Кн. XII. № 20. С. 65—76; АСД. Т. 6. № 4. С. 5—12.

[14] Захавалася ўпамінанне гэтага ліста ў вопісах архіва Супрасльскага манастыра 1805 і 1817 гг. (Summariusz dokumentów do dóbr supraskich / Do druku przygotował i wstępem opatrzył A.Mironowicz. Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2009. S. 57, 137, 139).

[15] АВАК. Т. 1. № 10. С. 38—41. Тут дата дакумента сапсавана, выпраўлена паводле ўпамінання гэтага ліста ў вопісе архіва Супрасльскага манастыра 1805 г. (Summariusz dokumentów do dóbr supraskich / Do druku przygotował i wstępem opatrzył A.Mironowicz. Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2009. S. 139). У вопісе 1817 г., аднак, стаіць дзень 15 лютага (Summariusz Dokumentów Dóbr Supraskich / Do druku przygotował i wstępem opatrzył A.Mironowicz. Vol. II. Białystok: Instytut Badań nad Dziedzictwem Kulturowym Europy, 2011. S. 28. Тут жа А.Мірановіч паведамляе, што арыгінал дакумента зберагаецца ў Дзяржаўным архіве ў Кракаве, № 36). У любым разе, дакумент быў выдадзены мітрапалітам падчас Віленскага сабора 1514 г.

[16] АСД. Т. 9. № 15. С. 35—36.

[17] Материалы для истории Православных и Униятских монастырей в Западной России // Литовские епархиальные ведомости. 1869. № 1. С. 56—57;АСД. Т. 5. № 2. С. 3—4. Тут ліст датаваны 1530 г. На дакуменце год не прастаўлены, толькі індыкт 3, які можа указваць на 1515 або 1530 г. У апошнім выпадку аўтарства ліста належыць мітрапаліту Іосіфу ІІІ.

[18] Захавалася ўпамінанне гэтага ліста ў вопісе архіва Супрасльскага манастыра 1805 г. (Summariusz dokumentów do dóbr supraskich / Do druku przygotował i wstępem opatrzył A.Mironowicz. Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2009. S. 141). Тут ліст датаваны 1516 г., але 1 кастрычніка 4 індыкта прыходзіцца на 1515 г. У іншым вопісе, 1817 г., ліст датаваны абсалютна неверагодным 1506 г., калі Іосіф Солтан яшчэ не быў мітрапалітам (Summariusz Dokumentów Dóbr Supraskich / Do druku przygotował i wstępem opatrzył A.Mironowicz. Vol. II. Białystok: Instytut Badań nad Dziedzictwem Kulturowym Europy, 2011. S. 16).

[19] Сборник материалов для исторической топографии Киева и его окрестностей. Киев, 1874. № 6. С. 10—11. (ліста датаваны 5 індыктам, што адпавядае 1517 г. Выдаўцы ліста няслушна датавалі яго 1504 г., калі мітрапалітам быў яшчэ Іона ІІІ).

[20] АЗР. Т. 2. № 97-ІІ. С. 122 (ліст толькі прыгадваецца).

[21] Дакумент упамінаецца ў вопісе архіва Супрасльскага манастыра 1817 г. з датай 19 чэрвеня, індыкт 7 (Summariusz Dokumentów Dóbr Supraskich / Do druku przygotował i wstępem opatrzył A.Mironowicz. Vol. II. Białystok: Instytut Badań nad Dziedzictwem Kulturowym Europy, 2011. S. 135—136). Магчыма, гэта недакладная перадача зместу ліста ад 19 чэрвеня 1514 г.

[22] Материалы для истории Православных и Униятских монастырей в Западной России // Литовские епархиальные ведомости. 1869. № 1. С. 57—58;АСД. Т. 5. № 3. С. 4—5. Тут ліст датаваны 1530 г.

[23] АСД. Т. 5. № 4. С. 5—6. Тут ліст датаваны 1530 г.

[24] АСД. Т. 5. № 5. С. 6—7. Тут ліст датаваны 1534 г.

[25] Мошкова Л.В. Западнорусская Кормчая особого состава // Хризограф. Вып. 2. М.: СканРус, 2005. С. 237 (павучанні не апублікаваны).

[26] АСД. Т. 9. № 3. С. 8—9. У гэтым выданні прывілей датаваны 15 верасня 1506 г., што немагчыма, бо ў гэты час Аляксандр ужо не жыў. Улічваючы пасады шматлікіх сведак, прывілей напісаны ў межах 1502—1505 гг. Пад дакументам стаіць дата 7 індыкта, што адпавядае 1503 г. У вопісах архіва Супрасльскага манастыра 1805 і 1817 гг. адзначаны арыгінал гэтага акта, які там датаваны 7012 г. ад Стварэння Света і 1504 г. (Summariusz dokumentów do dóbr supraskich / Do druku przygotował i wstępem opatrzył A.Mironowicz. Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2009. S. 54, 136; Summariusz Dokumentów Dóbr Supraskich / Do druku przygotował i wstępem opatrzył A.Mironowicz. Vol. II. Białystok: Instytut Badań nad Dziedzictwem Kulturowym Europy, 2011. S. 17, 144). Яшчэ адно ўказанне на ліст 1503 г.: Чарняўскі Ф.В. Ураднікі (пасады, тытулы) Менскага ваяводства XVI—XVIII стагоддзяў. Біяграфічны даведнік. Выпуск ІV (гараднічыя, мечныя). Мінск: Выдавец В.Хурсік, 2015. С. 164.

[27] АЗР. Т. 2. № 24. С. 27.

[28] Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 8 (1499—1514). Užrašymų knyga 8 / Parengė: A.Baliulis, R.Firkovičius, D.Antanavičius. Vilnius: Mokslo ir e

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.