Артыкулы: Анімеле Мікалай (Анимелле Николай)

Анімеле Мікалай Ягоравіч (Анимелле Николай Егорович) (канец XVIII—сярэдзіна ХІХ ст.) — беларускі гаспадарчы дзеяч, этнолаг, археолаг.

З панскіх сялян Віцебскай губерні.

У перыёдыку «Земледельческая газета» 14.3.1841 за подпісам «Помещицы Павловичевой, имения Каменца управляющий, крепостной ея человек, Николай Анимелле» (паказаў таксама месца свайго жыхарства: «Витебской губ., Себежского уезда, сельцо Каменец») апублікаваў артыкул «Уборка и сбережение впрок лука», дзе ёсць фраза «в продолжение 20-летнего моего управления». Такім чынам, Анімеле кіраваў маёнткам Камянец (Себежскі павет) памешчыцы Апалоніі Іосіфаўны Паўловічавай прыкладна з 1820. У больш позняй працы па этналогіі беларусаў Анімеле ўказвае, што быў упраўляючым амаль 30 гадоў. Некаторы час жыў у Санкт-Пецярбургу.

Па праграме Рускага геаграфічнага таварыства напісаў нарыс этналогіі насельніцтва Віцебскай губерні (пераважна беларусаў) «Этнаграфічныя звесткі аб беларуска-праваслаўных сялянах», які быў дапоўнены звесткамі іншых аўтараў і апублікаваны таварыствам у 1854. Даў інфармацыю пра гаспадарку, грамадскі побыт, сямейныя і грамадскія звычаі, мову, фальклор, матэрыяльную культуру, стравы. Падрабязна апісаў вяселле. Прывёў узоры народнай мовы, прыказкі, прымаўкі, песні і інш. Пасля напісаў «Дадатак» да гэтай працы (аб’ём 500 старонак, не надрукаваны і не захаваўся).

Каля маёнтка Камянец раскапаў 4 доўгія курганы.

Анімеле быу ўзнагароджаны «почетным отзывом» за рукапіс па сельскагаспадарчай тэматыцы, прадастаўлены на конкурс у 1841 на заклік Міністэрства дзржаўных маёмасцей[1].

Працы:

Анимелле Николай. Уборка и сбережение впрок лука // Земледельческая газета. 1841, 14 марта. № 21. С. 166—167.

Быт белорусских крестьян // Этнографический сборник, издаваемый Императорским Русским Географическим Обществом. Выпуск II. СПб.: В типографии Эдуарда Праца, 1854. С. 111—268.

Падрабязнасці:

Карский Е.Ф. Белоруссы. Том I. Введение в изучение языка и народной словесности. С приложением двух карт. Варшава, 1903. Х, 466 с.

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі ХІХ ст. Мінск: Навука і тэхніка, 1964. С. 32—33.

Цішчанка І.К. Да народных вытокаў. Збіранне і вывучэнне беларускага фальклору ў 50—60-я гады ХІХ ст. Мінск: Навука і тэхніка, 1986. 248 с. (С. 149—156).

© Валерый Пазднякоў, 2017


[1] Земледельческая газета. 1843. № 14. С. 106.

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.