Артыкулы: Антановіч (Антонович) Уладзімір Баніфатавіч

Антановіч (Антонович) Уладзімір Баніфатавіч [6(18).1.1834, паводле інш. звестак 1830, мяст. Махноўка Бярдзічаўскага пав. Кіеўскай губ.—8 (21).3.1908], украінскі гісторык, археолаг, этнограф, археограф. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Магістр (1870), д-р (1878), дацэнт (1870), праф. ардынарны (1878), заслужаны праф. ардынарны (1895) Кіеўскага ун-та. У 1850—60 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. Удзельнічаў у польскім нац.-вызваленчым руху, пріхільнік хлопаманіі, ад якой пасля адышоў. У 1862—65 выкладаў у Кіеве ў 1-й гімназіі і кадэцкім корпусе. У 1864—80 гал. рэдактар Часовай камісіі па разгляду стараж. актаў (Кіеўская археаграфічная камісія). У 1872—1906 загадчык Нумізматычнага кабінета (музее) Кіеўскага ун-та. Быў адным з заснавальнікаў і старшынёй (1881—87, 1896—1908) Гіст. т-ва Нестара-летапісца, адным з заснавальнікаў час. «Киевская старина» (1882). У 1880—83 дэкан гіст.-філалагічнага факультэта Кіеўскага ун-та. Доктарская дысертацыя А. — «Нарыс па гісторыі Вялікага княства Літоўскага да смерці Альгерда» (1878) — прысвечана ў асноўным падзеям паліт. гісторыі ВКЛ. А. стварыў кіеўскую школу гісторыкаў, якая спецыялізавалася на вывучэнні паліт. і сац.-эканам. гісторыі ўкр. і бел. зямель, вял. ўвагу надавала назапашванню факталагічнага матэрыялу. Працы А. напісаны на вялізным фактычным матэрыяле, які ён выявіў у архівах Кіева, Пецярбурга, Масквы, Львова. Выдаў шмат гіст. крыніц, у т.л. 9 тамоў «Архіва Паўднёва-Заходняй Расіі», «Граматы вялікіх князёў Літоўскіх з 1390 па 1569 год» («Грамоты великих князей Литовских с 1390 по 1569 год», Кіеў, 1868, з К.Казлоўскім), летапіс С.Вялічкі (1864), «Дыярыуш» Ф.Еўлашоўскага (1886), твор Міхалона Літвіна «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў» (1890).

Тв.: Очерк отношений польского государства к православию и православной церкви. Киев, 1866 (2 изд. Вильно, 1867); История Литовской Руси. Киев, 1877 (2 изд. 1882); Очерк истории Великого княжества Литовского до половины XV столетия. Вып. 1. Киев, 1878; Монографии по истории Западной и Юго-западной России. Т. 1. Киев, 1885; О происхождении шляхетских родов в Юго-Западной России. Киев, 1867, Очерк состояния православной церкви в Юго-Западной России по актам (1650—1798). Киев, 1871; Брагинская волость // Календарь Северо-Западного края на 1889 г. М., 1889; Твори: Повне зібрання. Т. 1. Київ, 1932; Курс лекцій з джерелознавства, 1880—1881. Київ, 1995; Моя сповідь. Київ, 1995.

Літ.: Сын Україны: Володимир Боніфатійович Антонович. Т. 1—3. Київ, 1997; Ульяновський В., Короткий В. Володимир Антонович: образ на тлі епохи. Київ, 1997 (змешчана бібліяграфія прац А.); Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии (В.Б.Антонович, М.В.Довнар-Запольский и их ученики). М.; Брянск, 1997.

© Валерый Пазднякоў, 2017

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.