Артыкулы: Стрыенскі Ян Караль
Стрыенскі Ян Караль (каля 1742—14.3.1816) — ваенны і кальвінісцкі дзеяч ВКЛ.
З шляхецкага роду герба «Тарнава». Бацька: Зыгмунт (?—1782), капітан войска Рэчы Паспалітай, куратар Літоўскай Ядноты (1747, 1774). Маці: Соф’я з Барышэўскіх (1712—1791), дачка Андрэя, стольніка парнаўскага. Браты: Павел Андрэй (каля 1741—1802), Аляксандр Бернгард (1750—?).
З маладосці служыў у войску ВКЛ. У конным (драгунскім) рэгіменце польнай булавы ВКЛ харужы (1754), паручнік (1758), капітан (1765). З 1766 у рэгіменце Літоўскай коннай гвардыі (рэгімент карабінераў Яго Каралеўскай Мосці ВКЛ) капітан, маёр (1768), падпалкоўнік (1770), 2-і палкоўнік (1785), 1-ы палкоўнік (1790), шэф палка (1791).
У 1767 далучыўся да Слуцкай канфедэрацыі, падпісаў акт кафедэрацыі 20.3.1767 як райца. У 1768 удзельнічаў у дзеяннях на Украіне. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1791 (маршалак Духоўнага трыбунала). У вайне 1792 не ўдзельнічаў. Далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі. Далучыўся да паўстання 1794. Атрымаў ад Т.Касцюшкі 16.5.1794 ранг генерал-маёра. У ваенных дзеяннях амаль не ўдзельнічаў па стане здароўя. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай 1795 выйшаў з арміі. Жыў у маёнтку Вялікая Бераставіца.
Актыўна удзельнічаў у жыцці кальвінісцкай супольнасці ВКЛ. Куратар Літоўскай Ядноты, удзельнічаў у кальвінісцкіх сінодах у Ізабеліне 1782, 1784, 1788, Вільні 1783, Беліцы 1787, 1790 і лютэранска-кальвінісцкім сінодзе ў Венграве 1782. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай дырэктар сінодаў у Вільні 1795, 1801, Ізабеліне 1802, як куратар удзельнічаў у сінодах у Ізабеліне 1796, Вільні 1797, 1803, 1806, правінцыяльнай сесіі ў Ізабеліне 1808.
Сябраваў з паэтам Францішкам Карпінскім.
Узнагароджаны ордэнам св. Станіслава (1791).
Маёнткі: Малая Бераставіца, Даргужы, Генюшы (Гарадзенскі павет), Чарналозы (Берасцейскае ваяводства).
Памёр у Малой Бераставіцы. Пахаваны ў Ізабеліне.
Жонка 1-я: Марыяна з Калькрэўтэраў.
Жонка 2-я (з 17.7.1796): Рэгіна з Стрыенскіх (?—10.9.1811), дачка Багуслава Якуба Стрыенскага.
Дзяцей не меў.
Падрабязнасці:
Konarski Szymon. Szlachta kalwińska w Polsce. Warszawa, 1936. XVIII, 358 s., il.
Machynia Mariusz, Rakutis Valdas, Srzednicki Czesław. Oficerowie Rzeczypospolitej Obojga Narodów 1777—1794. Spisy. Tom II. Oficerowie wojska Wielkiego Księstwa Litewskiego 1777—1794. Spisy. Sztab, kawaleria, artyleria, wojska inżynierskie i piechota. Kraków: Ksęgarnia Akademicka, 1999. 541 s., il.
Deputaci Trybunału Głównego Wielkiego Księstwa Litewskiego (1697—1794). Spis / Pod redakcją Andrzeja Rachuby opracowali Andrzej Rachuba i Przemysław P. Romaniuk przy współpracy Andreja Macuka i Jewgienija Aniszczenki. Warszawa: DiG, 2004. 448 s.
Haratym Andrzej. Stryjeński (Stryiński) Jan Karol ze Stryjnej // PSB. Z. 183. T. XLІV/4. Warszawa; Kraków, 2007. S. 509—513.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


