Артыкулы: архіў мітрапалітаў Вялікага Княства Літоўскага

архіў мітрапалітаў Вялікага Княства Літоўскага — установа па збіранні і зберажэнні дакументацыі праваслаўнай, а з 1596 уніяцкай царквы ВКЛ.

Першыя мітрапаліты ВКЛ 13—14 ст. (часта яны былі адначасова маскоўскімі), відаць, не мелі архіва як самастойнай установы; дакументы, якія ўтвараліся ў выніку дзейнасці мітрапалітаў, захоўваліся пры іх двары (канцылярыі), а пасля смерці чарговага мітрапаліта ў значнай ступені распрошваліся. Найб. старажытныя дакументы, якія бясспрэчна паходзяць з мітрапаліцкага архіва ВКЛ — пасланне 1476 мітрапаліта Місаіла і інш. асоб да рымскага папы Сікста IV, стаўленыя лісты канстанцінопальскіх патрыярхаў мітрапалітам Макарыю Чорту (1497), Іосіфу Балгарынавічу (1499—1500) і Іоне ІІІ (1503) (усі вядомы ў копіях). Мітрапаліцкі архіў як сталую ўстанову заснаваў мітрапаліт Іосіф ІІ Солтан (1507—21/22). З гэтага часу мітрапаліцкая дакументацыя назапашвалася ў архіве ў Новагародку. Гэтаму садзейнічаў устаноўлены пры Іосіфе ІІ парадак, пры якім пасля смерці чарговага мітрапаліта яго маёмасць пераходзіла пад апеку загадзя вызначаных асоб. З 16 ст. пры мітрапаліцкай канцылярыі вяліся актавыя кнігі (не зберагліся). З канца 16 ст. у мітрапаліцкі архіў паступалі некаторыя мясц. царкоўныя архівы, якія мітрапаліты бралі ў сваё распараджэнне (напр., архіў Слуцкага Трайчанскага манастыра, забраны мітрапалітам Міхаілам Рагозам). У 1699 базыльянін Іосіф Сапаровіч упарадкаў мітрапаліцкі архіў і склаў яго вопіс. У гэты час архіў размяшчаўся ў 4 скрынях. Мітрапаліт Фларыян Грабніцкі (1747—62) перавез архіў з Новагародка ў Полацк (ці суседнюю Струнь). У 1761—63 базыльянін Аўгусцін Война правёў новае ўпарадкаванне архіва і склаў яго вопіс, дзе адзначана каля 4000 дакументаў (без уліку копій), размеркаваных на 190 звязках (фасцыкулах). У 1770-х г. мітрапаліцкі архіў быў падзелены на некалькі частак. У пач. 19 ст. асн. частка архіва знаходзілася ў Быцені пад наглядам берасцейскага епіскапа Іасафата Булгака. У 1810 яна вывезена ў Вільню пад апеку аршанскага епіскапа Адрыяна Галаўні. У 1828 архіў перавезены ў Полацк, а ў 1829 — у Санкт-Пецярбург. У 1841 да яго далучаны мітрапаліцкі архіў з мястэчка Радамысль, дзе зберагаліся дакументы мясц. кансісторыі і Кіеўскай архіепархіі. Пасля скасавання ўніяцкай царквы мітрапаліцкі архіў у 1845 уключаны ў склад архіва Свяцейшага Сінода ў Санкт-Пецярбургу. С.Р.Рункевіч у 1897 і 1907 выдаў 2 тамы «Апісання дакументаў архіва заходнярускіх уніяцкіх мітрапалітаў», якія ахопліваюць 1470—1839. Намаганні бел. архівістаў 1920-х г. вярнуць архіў на радзіму плёну не далі. У цяперашні час дакументы мітрапаліцкага архіва ВКЛ складаюць фонд 823 Рас. дзярж. гіст. архіва (Санкт-Пецярбург). У архіве зберагаюцца дакументы, якія асвятляюць царкоўную, гаспадарчую і фінансавую палітыку мітрапалітаў, прававое і гаспадарчае становішча праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў у ВКЛ і Рэчы Паспалітй, мітрапаліцкіх маёнткаў на ўсёй тэрыторыі мітраполіі, судовыя спрэчкі царкоўных структур са шляхтай з-за маёнткаў, судовыя справы, падлеглыя мітрапалітам, перапіску цэнтр. царкоўных уладаў з уладамі каталіцкай царквы ў Рыме і Варшаве, каралямі і дзяржаўнымі ўстановамі Рэчы Паспалітай, з мясцовай адміністрацыяй, святарамі і інш.; булы і брэве рымскіх папаў, прывілеі і лісты каралёў, дакументы асобных прыходаў і манастыроў.

Падрабязнасці:

Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. СПб., 1897—1907. Т. 1—2;

Жукович Б. Сообщение об архиве западно-русских униатских митрополитов. Пг., 1915;

Архіў уніяцкіх мітрапалітаў. Мн., 1999—2005. Т. 1—3;

Radwan M. Ecclesiastica w Rosyjskim Państwowym Archiwum Historycznym w Sankt Petersburgu. Lublin, 2008;

Пазднякоў В.С. Архіў праваслаўных і грэка-каталіцкіх мітрапалітаў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIII стст.: (гісторыя, структура, склад). Мн., 2014;

Реєстр митрополичого архіву Унійної Церкви 1763 року / Упорядкування та вступна стаття О.Вінниченка. Львів, 2017.

© Валерый Пазднякоў, 2019

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.