Артыкулы: Ашмянская бітва 1432
Ашмянская бітва 1432 — буйная бітва ў пачатку феадальнай вайны 1432—39 у ВКЛ паміж войскамі вялікіх князёў Жыгімонта Кейстутавіча і Свідрыгайлы.
Адбылася 8.12.1432 каля г. Ашмяны. У гэты час Жыгімонт кантраляваў уласна Літву, Жамойць, Падляшша, Гародню, Менск, а Свідрыгайла — Полацк, Віцебск, Мсціслаў, Смаленск, Кіеў, Валынь. На дапамогу Жыгімонту прыбылі польскія войскі з Мазовіі, на дапамогу Свідрыгайлу — войскі цвярскога кн. Барыса Аляксандравіча і татары, на 1 дзень спазніліся лівонскія рыцары, якія шлі з Полацка. Агульную лічбу войска Свідрыгайлы гіст. крыніцы перабольшваюць і ацэньваюць у 20 тыс. (Я.Длугаш), 50 тыс. (М.Стрыйкоўскі), 40 тыс. уласнага войска і 40 тыс. цвярскога (Хроніка Быхаўца), а войска Жыгімонта — у 7 тыс. (Хроніка Быхаўца). У любым выпадку, Свідрыгайла меў перавагу ў войску, што дало яму мажлівасць весці наступальныя дзеянні. Ідучы на Вільню, Свідрыгайла спыніўся на некалькі дзён у Ашмянах, куды падыйшоў з войскам і Жыгімонт. Бітву пачаў Свідрыгайла, але пасля ініцятыва перайшла да Жыгімонта. У ходзе бітвы, якая доўжылася цэлы дзень да цемры, абодвы бакі панеслі вял. страты. Свідрыгайла быў вымушаны адступіць і адмовіцца ад планаў захопу Вільні, зноў адышоў у Полацк. У бітве загінуў саюзны Свідыгайлу кн. Васіль Львовіч Навасільскі. У палон да Жыгімонта трапілі князі Юрый Лугвенавіч, Васіль Сямёнавіч Друцкі (Красны), Дзмітрый Сямёнавіч Друцкі (Зубрэвіцкі, Сякіра), Федзька Адзінцэвіч, паны Гедыгольд, Івашка Манівідавіч, Ходка Юр’евіч, Юшка Гойцэвіч, Іван Вяжэвіч. Рэляцыя Длугаша, што Свідрыгайла страціў 10 тыс. забітымі і 4 тыс. палоннымі, значна перабольшана. Захопленыя ў ходзе бітвы 8 харугваў Жыгімонт, паводле Длугаша, загадаў вывесіць у Віленскім кафедральным касцёле, а на месце бітвы пабудаваць касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Бітва не прынесла стратэгічнага поспеху Жыгімонту, пералом у вайне на яго карысць наступіў пасля Вількамірскай бітвы 1435.
Падрабязнасці:
Lewicki A. Powstanie Świdrygiełły. Kraków, 1892;
Полехов С. Наследники Витовта: Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века. М., 2015.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


