Артыкулы: Альгімонт / Альгімунт

Альгімонт / Альгімунт — родапачынальнік князёў Гальшанскіх, бацька князя Івана Альгімонтавіча.

Звесткі пра А. нешматлікія і супярэчлівыя.

Лівонскі храніст Герман з Вартберга пад 1371 паведамляе пра напад крыжакоў на двор Арвістэн (Arvisten, у 16 ст. Арвістаў, цяпер Арвістава, на р. Невяжы), які належаў вялікаму баярыну А. (Algeminne, magnus satrapa)[1]. У 1383 А. (Angemunt) у атачэнні Ягайлы ўдзельнічаў у перагаворах з пасламі вялікага магістра крыжакоў[2]. «Кракаўскі каляндар» пад 1385 паведамляе пра літоўскае пасольства ў Кракаве ў справе жаніцьбы Ягайлы з Ядвігай, у складзе якога былі князі Скірагайла, А. і Барыс (Sgergelo, Olgemont et Borizszo)[3]. Пад А. у складзе пасольства некаторыя вучоныя разумелі віленскага старасту Гануля або князя Івана Альгімонтавіча, тым больш, што «Хроніка Быхаўца» сцвярджае, што ў шлюбныя справы Ягайлы быў ангажаваны князь Іван Альгімонтавіч.

Некаторыя летапісы (Наўгародскі 4-ы, Сафійскі 1-ы, якія ўзыходзяць да летапіса мітрапаліта Фоція 1418, а таксама больш познія) пад 1388 паведамляюць пра пасылку князем Лугвенам паслоў у Вялікі Ноўгарад — А. («Овгимонта») і Братошу (справа ішла пра запрашэнне Лугвеня на ноўгарадскае княжанне)[4]. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што і тут маецца на ўвазе Іван Альгімонтавіч.

Пасля ўзвышэння роду князёў Гальшанскіх (магчыма, княскі тытул яны атрымалі дзякуючы сваяцтву з Вітаўтам) і кіеўскага намесніцтва Івана Альгімонтавіча роля А. ў гістарычных падзеях пачала асвятляцца па-новаму. А. быў уключаны ў легендарны радавод першых літоўскіх князёў і пачаў лічыцца нашчадкам перасяленца з Італіі Палямона, князем новагародскім, сынам князя Скіргайла (або Тройната), бацькам князя Рынгальта; або сынам Гольша, князя гальшанскага («Хроніка літоўская і жмойцкая»), або названы сынам Міндоўга, вялікім князем гальшанскім, які атрымаў з рук Гедзіміна Кіеў і Пераяслаў («Хроніка Быхаўца»).

Як вынік кіеўскага намесніцтва Івана Альгімонтавіча (канец 14 ст.) у памянніку Кіева-Пячэрскага манастыра, у раздзеле вялікіх князёў, упамянуты князь Альгімонт, прыведзена яго хрысціянскае імя Міхаіл і манаскае — Яўфімій[5]. Верагоднасць гэтых звестак невялікая, а іх рэтраспектыўнае паходжанне не выклікае сумненняў.

Пад уздзеяннем легендарных звестак летапісаў у гістарыяграфіі распаўсюджаны погляд, што А. меў хроснае імя Барыс. Падставай для гэтага паслужылі звесткі позніх летапісаў пра князя Івана Барысавіча, які быццам валодаў Кіевам у канцы 14 ст. (атаясамліваецца з Іванам Альгімонтавічам), а таксама паведамленне «Кракаўскага календара» пра літоўскае пасольства ў Кракаў у справе жаніцьбы Ягайлы на Ядвізе.

Ю.Пузына лічыл А. сынам Кейстута, С.М.Кучынскі атаясаміў А. з братам Гедзіміна, Фёдарам, які княжыў у Кіеве; Т.Васілеўскі лічыў А. братам Гедзіміна і братам Фёдара; Н.П.Ліхачоў лічыў А. сынам Міндоўга, які жыў у 14 ст.

Галоўным маёнткам А., паводле крыжацкіх «Попісаў літоўскіх дарог», былі Гальшаны: «Von dannen in Ongemundes hof Galschan ij mile rum weg»[6]. Тое ж ўказавалася адносна яго ўнука Андрушкі (Андрэя): «Von Krewen iij myle bis czu Goltschan, Andrusken hof»[7].

Падрабязнасці:

Клепатский П.Г. Очерки по истории Киевской земли. Том I. Литовский период. Одесса, 1912. XLIII, 599 с., карты.(С. 33—36).

Łowmiański Henryk. Studja nad początkami społeczeństwa i państwa litewskiego. Tom II. Wilno, 1932. (Rozprawy Wydziału III Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Tom VI). 448 s., 2 mapy. (S. 171—172).

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М.: Наука, 1985. 261 с.

Antoniewicz Marceli. Manifestacja genealogiczna w herbie złożonym biskupa Pawła Olgimunta księcia Holszańskiego // Prace Naukowe Wyższej Szkoły Pedagogicznej w Częstochowie. Zeszyty Historyczne. 1997. Z. IV. S. 387—–435, il.

Polechow Sergiej W., Butyrski Michaił N. Pieczęć kniazia Iwana Olgimuntowicza Holszańskiego // Inter Regnum et Ducatum. Studia ofiarowane Profesorowi Janowi Tęgowskiemu w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. Białystok: Instytut Badań nad Dziedzictwem Kulturowym Europy, 2018. (Prace Centrum Badań Struktur Demograficznych i Gospodarczych Przednowoczesnej Europy Środkowo-Wschodniej. Tom VII). S. 441—461, il.

Лицкевич О.В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. СПб.: Дмитрий Буланин, 2019. (Studiorum slavicorum orbis; вып. 16). 926 с., ил.

© Валерый Пазднякоў, 2019

[1] Scriptores Rerum Prussicarum. Zweiter Band. Leipzig: Verlag von S.Hirzel, 1863. S. 99.

[2] Liv-, esth- und curländisches Urkundenbuch nebst Regesten. T. 3. Nachträge zu den zwei ersten Bänden, Fortsetzung von 1368—1393 / F.G. von Bunge. Reval, 1857. № 1240. S. 491.

[3] Monumenta Poloniae historica. Pomniki dziejowe Polski / Wydał August Bielowski. Tom drugi. Lwów: Nakładem własnym, 1872. P. 909.

[4] ПСРЛ. Т. 4. С. 96; Т. 4, ч. 1. С. 351; Т. 5. С. 243; Т. 6. Стб. 491; Т. 8. С. 52; Т. 25. С. 214; Т. 39. С. 128.

[5] Древний помянник Киево-Печерской лавры (конца XV и начала XVI столетия) / Сообщил С.Т.Голубев // Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. Книга шестая. Киев, 1892. С. 7.

[6] Scriptores Rerum Prussicarum. Zweiter Band. Leipzig: Verlag von S.Hirzel, 1863. S. 707.

[7] Scriptores Rerum Prussicarum. Zweiter Band. Leipzig: Verlag von S.Hirzel, 1863. S. 704.

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.