Артыкулы: Агінскі Самуэль Леў
Агінскі Самуэль Леў (каля 1595—да 6.12.1657) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ.
З роду князёў Агінскіх, сын Багдана Мацвеевіча Агінскага.
Троцкі стольнік у 1620—33 і цівун з 1633; пасол на соймы 1628, 1647, 1648, 1649. Служыў у войску, удзельнічаў у Хацінскай бітве 1621, у 1625 як каралеўскі ротмістр удзельнічаў у выправе супраць турак. Дваранін караля польскага і вял. князя літоўскага Уладзіслава IV (1635). Жыў у Віцебску, дзе пабудаваў сабе драўляны палац. Быў адным з гал. апекуноў правасл. царквы ў ВКЛ. Член Віленскага Святадухаўскага брацтва. У 1642 заснаваў Віцебскі Маркаў Троіцкі манастыр. У 1646 выдаў фундуш Кронскаму манастыру. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1655 у Вільні разам з сынамі прысягнуў рас. цару.
Уладальнік Агінтаў, Еўя, Лёзна, Мікуліна.
Ад Соф’і Янаўны з Білевічаў меў сыноў Сімяона Караля і Яна, 4 дачок.
© Валерый Пазднякоў, 2019
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


