Артыкулы: Агінскі Ян Багданавіч
Агінскі Ян Багданавіч (каля 1582—да 27.2.1640) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ.
З роду князёў Агінскіх, сын Багдана Мацвеевіча Агінскага.
Цівун троцкі ў 1633, кашталян мсціслаўскі з 1633; пасол на сойм 1613, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1609, 1617, 1621 (яго маршалак), 1632. Быў звязаны з біржанскай, пратэстанцкай галіной Радзівілаў. Выхоўваўся на двары ваяводы віленскага і вял. гетмана ВКЛ Крыштофа Мікалая Радзівіла, потым дваранін яго сына Януша Радзівіла, з якім падарожнічаў па Еўропе, у 1596 запісаўся ў Страсбургскі ўн-т, потым у Базельскі. У час трымання Я.Радзівілам Барысаўскага стараства яго намеснік (1611—20). З 1612 каралеўскі дваранін. Пасля смерці Януша звязаны з яго братам Крыштофам Радзівілам, польным гетманам ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 каралеўскі намеснік у Вільні. Адзін з абаронцаў правасл. царквы ў ВКЛ. Стараста Віленскага Святадухаўскага брацтва. Удзельнічаў у заснаванні Менскага Петрапаўлаўскага манастыра, быў адным з фундатараў Магілёўскага Богаяўленскага манастыра і заснавальнікаў пры ім брацтва (1633), апекуном Сурдзегскага Святадухаўскага манастыра.
Меў маёнткі ў Жамойці, Кроні, Агінты і Пакойпе ў Ковенскім пав., Рогаў у Вількамірскім пав., Місюцяны і Еўе ў Троцкім ваяв., Мікуліна і Тулава ў Віцебскім ваяв., Вязынь у Менскім ваяв., Клопатаўшчыну ў Мазырскім пав. Ад бацькі атрымаў у 1620 у Ковенскім павеце воласць Сасы і Кармялаўскую дзяржаву, якую ў 1631 саступіў Мальхеру Скарульскаму[1].
Быў жанаты з Аленай Уніхоўскай, пасля з княжной Кацярынай Жылінскай.
© Валерый Пазднякоў, 2019
[1] КМФ-18.1.99, л. 478—478 об.
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


