Артыкулы: Агінскія

Агінскія, княжацкі род уласных гербаў «Агінец» («Брама») і «Агінскі».

Галіна Рурыкавічаў. Родапачынальнiк кн. Васiль Глазына ў сяр. 15 ст. выслужыў у вял. князя літоўскага Казiмiра землі каля Опсы, воласць Мсціславец на Смаленшчыне. Яго сын Іван Васілевіч Глазыніч (Пузынін) збег у Маскву, пакінуўшы жонку і дзяцей у ВКЛ. Сярод іх быў Іван — родапачынальнік князёў Пузынаў, і Дзмітрый Глушонак (упершыню ўпамінаецца ў 1486, памёр у пач. 16 ст.). Апошні атрымаў ад вял. кн. Казіміра дробныя даніны з смаленскіх даходаў, а ад вял. кн. Аляксандра — в. Агінты ў Жыжмарскім пав., ад назвы якой утварылася прозвішча А. Яго сын Багдан Дзмітрыевіч Глушонак (памёр у 1542) у 1510 атрымаў пацвярджэнне правоў на Агінты. Відаць, ён першы пачаў ужываць прозвішча А. (так у тастаменце 1555 назвала яго і сваіх сыноў яго ўдава Багуміла Паўлаўна). Сыны Багдана Мацвей (памёр у 1564) і Фёдар (памёр у 1575) упершыню згадваюцца ў дакументах 1547 як князі А. з дадаткам да прозвішча «з Казельска» (Казельск — горад на Чарнігаўшчыне, на той час пад уладай Масквы). У 17 ст. род А. падзяліўся на 2 лініі — старэйшую, якая ў 17—пач. 19 ст. ўжывала і графскі тытул, і малодшую — браслаўскую, якая страціла княжацкі тытул. Княжацкі тытул старэйшай лініі пацверджаны ў Польшчы ў 1821, у Расіі — у 1868.

Былі правасл. веравызнання, у 17 ст. некаторыя прынялі каталіцтва.

Пра найб. значных прадстаўнікоў роду А. гл. асобныя артыкулы.

Падрабязнасці:

Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895;

Jankowski C. Powiat Oszmiański: Materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 2. Petersburg; Kraków, 1897;

Власьев Г.А. Потомство Рюрика: Материалы для составления родословий. Т. 1, ч. 1. СПб., 1906;

Добровольская М.А. Личные печатки рода Огиньских в Эрмитаже // Тр. Гос. Эрмитажа. Л., 1981. Т. 21;

Бубенька Т., Хмяльніцкая Л. Кафля з гербамі Агінскіх з Віцебска // Віцебскі сшытак. 1995. № 1;

Хмяльніцкая Л. Род фундатараў і мецэнатаў // Віцебскі сшытак. 1995. № 1;

Яе ж. Działalność kulturalno-mecenasowska Ogińskich na Witebszczyźnie // Przegląd Wschodni. 2001. Z. 4 (28);

Хадыка А. Партрэты сям’і Агінскіх // Мастацта. 1999. № 10;

Лідке М. Сувязі Агінскіх з пратэстанцтвам у першай палове 17 ст. // Гістарычны альманах. Т. 5. Гародня, 2001;

Яе ж. Ród kniaziów Ogińskich w perspektywie demograficznej: Wybrane problemy // Białoruskie Zeszyty Historyczne. Białystok, 2012. Z. 38;

Скеп’ян Н. Мецэнацтва сям’і Багдана Агінскага // Спадчына. 2002. № 2—3;

Кучар З. Палацава-паркавы ансамбль «Залессе»: гісторыя і сучаснсць // Бел. гіст. часоп. 2003. № 9;

Залуский И. Ген Огинского. Минск, 2006;

Кочегаров К.А. Князья Огинские и сношения православных Великого княжества Литовского с Россией в 80-е гг. XVII в. // Россия, Польша, Германия: история и современность европейского единства в идеологии, политике и культуре. М., 2009;

Kunigaikščiai Oginskiai Lietuvos istorijoje: Kultūrinės veiklos pėdsakais. Vilnius, 2010;

Шаланда А. Геральдыка князёў Агінскіх: генезіс, легенда, факты // Герольд Litherland. 2013. № 19;

Мацук А.У. Браслаўская галіна роду Агінскіх у XVIII стагоддзі // Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі: Браслаўскія чытанні (да 950-годдзя горада Браслава). Мінск, 2016.

© Валерый Пазднякоў, 2019

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.