Артыкулы: Соха Бенядзікт дэ (Soxo/Sojo Benito de)

Соха Бенядзікт дэ (Soxo/Sojo Benito de) (1587, Баэса каля г. Гранада, Іспанія—18.12.1658) — юрыст, педагог, дзеяч каталіцкай царквы. Доктар тэалогіі (1625).

З 1602 езуіт, святар (1611). Вучыўся ў езуіцкіх навучальных установах у Севільі (1605—1608), Гранадзе (1608—1612). Выкладаў у Кордаве, Гранадзе. У 1620 планаваў пераехаць як місіянер у Японію, але там граніцы былі зачынены, і С. накіраваны ў ВКЛ. У 1624 прыбыў у Вільню. Выкладаў у Віленскай акадэміі схаластычную тэалогію (да 1631). З 1624 радца рэктара, у 1641—1646 радца кіраўніка Літоўскай правінцыі езуітаў, у 1628—1630 канцлер Віленскай акадэміі, у 1630—1643, 1646—1649 віцэ-канцлер. У 1633—1634 выкладаў у Нясвіжы. У 1635—1636 кіраваў папскай і дыяцэзіяльнай семінарыяй у Вільні. У 1630—1646 прэфект (кіраўнік вышэйшай адукацыі) Віленскай акадэміі, у 1643—1646 рэктар. Адчыніў у акадэміі факультэт кананічнага і цывільнага права. У 1646 у Рыме ўдзельнічаў у абранні новага генерала ордэна езуітаў Вінчэнца Карафа. У 1655 перад захопам Вільні маскоўскім войскам паралізаваны вывезены з горада. Памёр у Антверпене.

Выдаў практычны дапаможнік і падручнік права «Claves iuris» (Вільня, 1648). Пакінуў рукапісны выклад тэалогіі (1626). Не захаваўся яго даведнік па граматыцы польскай мовы для іншаземцаў «Praecepta grammaticae linguae polonicae» (1636).

Падрабязнасці:

Piechnik Ludwik Ks. S.J. Dzieje Akademii Wileńskiej. Tom II. Rozkwit Akademii Wileńskiej w latach 1600—1655. Rzym: Institutum Historicum Societatis Jesu, 1983. 313 s., il.

Grzebień Ludwik. Soxo (Sojo) Benedykt (Benito) de // PSB. 41/1. S. 24—25.

© Валерый Пазднякоў, 2020

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.