Артыкулы: Скарульскі Андрэй Мікалаевіч
.

Скарульскі Андрэй Мікалаевіч (1554—студзень 1637) — дзяржаўны дзеяч ВКЛ.
З шляхецкага роду герба «Касцеша» змененая з мясцовасці Скарулі ў Ковенскім павеце. Бацька: Мікалай Міхнавіч (?), упамянут у попісе войска 1567.
Невядома, дзе вучыўся. Ведаў мовы: беларускую, польскую, лацінскую, італьянскую. У маладосці служыў пры гаспадарскім двары і ў канцылярыі Жыгімонта Аўгуста, пасля (з 1572?) на службе ў радзівілаўскага кліента Бальцара Язерскага, у надворнага маршалка Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. У час Інфлянцкай вайны 1558—1582 на чале ўласнага почата удзельнічаў у выправах на Зэльбург (1577), Полацк (1579), Пскоў (1581). Удзельнічаў у пелігрымцы Сіроткі ў Святую Зямлю (1582—1584), наведаў Крыт, Кіпр, Сірыю, Егіпет, Італію. У Ерусаліме стаў рыцарам Труны Пана (29.6.1583). Стаў адным з найбольш давераных кліентаў Сіроткі. Загадваў яго маёнткамі намеснік мірскі (1594—1603), бельскі (1603—1604) і намеснік (стараста) нясвіжскі (1604—1626). Выконваў функцыі галоўнага аканома Сіроткі. Пасля смерці Сіроткі (1616) загадваў маёнткамі яго старэйшага сына Яна Юрыя Радзівіла, кашталяна троцкага. Жыў у асноўным у Нясвіжы.
Удзельнічаў у Віленскай канвакацыі 1617. Быў паслом на соймы 1621 і 1627. На сойме 1621 абраны дэпутатам Скарбовага трыбунала. Дзякуючы падтрымцы канцлера Альбрыхта Станіслава Радзівіла 26.11.1627 прызначаны маршалкам ковенскім.
Маёнткі: землі ў Скарулях, Кульве (Ковенскім пав.), Мусніках (Упіцкі пав.), Нача Глебаўская, Нача Брындзаўская пад Нясвіжам. Трымаў гаспадрскія маёнткі: Паабеле з Вайшвідамі (1586, Шавельская дзяржава), Курклеўская воласць (раней 1591), Магуны (1611). Трымаў у заставе ад Радзівілаў маёнтакі Гавязна, Мікалаеўшчына (1596).
Апекваўся Нясвіжскім калегіумам езуітаў. У 1620 запісаў 20 тыс. злотых на канвікт для немаёмнай шляхецкай моладзі, пазней даў 2 валокі зямлі (1623). У касцёле Божага Цела фундаваў капліцу з алтаром св. Андрэя і арган, устанавіў фундуш на набажэнства на хвалу Маці Божай.
Нясвіжскаму кляштару бенедыкцінак запісаў фальварак Данілаўск (1619).
Фундаваў Ковенскі калегіум езуітаў (запісаў грошы на сваім маёнтку Скарулі, пасля замяніў на маёнтак Мусьнікі Баркушкі), Ковенскі кляштар бенедыкцінак (1624, 1627, яго узначаліла дачка С. – Ганна Яўфімія). Пабудаваў мураваны касцёл св. Ганны ў Скарулях (1620—1622).
Тастамент падпісаў у Нясвіжы 10 сакавіка 1623. Пахаваны ў Нясвіжскім касцёле езуітаў.
Жонка: Зоф’я з Махельскіх.
Сыны: Мікалай, Захарый (езуіт, ?—1639), Габрыель (францысканец), Ян, Павел (езуіт, ?—1650), Рафал Зыгмунт (маршалак ковенскі ў 1658—1670).
Дочкі: Ганна Еўфімія (бенедыкцінка), Кацярына Канстанцыя (муж: Феліцыян Лукаш Масальскі, стараста пярстунскі).
Падрабязнасці:
Lulewicz Henryk. Skorulski Andrzej // PSB. T. 38/2. S. 269—270.
Siekierski Maciej. Landed Wealth in the Grand Duchy of Lithuania: The Economic Affairs of Prince Nicholas Christopher Radziwiłł (1549—1616) // Acta Baltico-Slavica. XXI. Warszawa, 1992. S. 195—300.
Bernatowicz Tadeusz. Miles christianus et peregrinus. Fundacje Mikołaja Radziwiłła «Sierotki» w ordynacji nieświeskiej. Warszawa: Neriton, 1998. 234 s., il.
Akta zjazdów stanów Wielkiego Księstwa Litewskiego. T. II: Okresy panowań królów elekcyjnych XVI—XVII wiek / Opracował Henryk Lulewicz. Warszawa: Neriton, 2009. 452 s.
Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy. Tom II. Województwo trockie. XIV—XVIII wiek. / Pod redakcją Andrzeja Rachuby. Opacowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba, Przemysław P. Romaniuk, Andrzej Haratym przy współpracy Andreja Macuka i Jaugiena Aniszczanki. Warszawa: DiG, 2009. 687 s.
Kamuntavičienė Vaida. Kauno benediktinių vienuolyno istorija XVII—XX a. pradžioje. Mokslinė monografija. Vilnius: Versus aureus, 2016. (Kauno benediktinių vienuolyno tyrimai. I tomas). 408 p., il.
Мір Радзівілаў. Замак, мястэчка, графства (1568—1813 гг.). Зборнік дакументаў і матэрыялаў / Складальнік А.І.Шаланда. Мір: Музей “Замкавы комплекс “Мір”, 2017. 337 с., іл.
Źródła do dziejów Żmudzi (1522—1648) / Opracowali Eugenijus Saviščevas i Jonas Drungilas, redakcja Tomasz Kempa. Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2023. 337 p.
Kempa Tomasz. Andrzej Skorulski (1554—1637) — urzędnik, przyjaciel i powiernik wojewody wileńskiego Mikołaja Krzysztofa Radziwiłła „Sierotki” // Klio. Czasopismo poświęcone dziejom Polski i powszechnym. 2024. Т. 73 (4). S. 33—73, il.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


