Артыкулы: Скакоўскі Мансверт
Скакоўскі Мансверт (20.2.1751, Беларусь—8.2.1798) — педагог, механік, архітэктар.
З шляхецкага роду герба «Еліта» (?) літоўскай нацыянальнасці («natione erat Lituanus»).
Вывучаў рыторыку ў езуітаў у Полацку (?). 13.8.1770 уступіў у ордэн езуітаў. Двухгадовы навіцыят прайшоў у Нясвіжы (1770—1772). Скончыў гадавы курс у семінарыі (рыторыка для езуітаў) у Слуцку (1772—1773). Пасля роспуску ордэна езуітаў (1773) жыў у Полацку, дзе працягваў існаваць ордэн (у межах Расійскай імперыі). Там скончыў трохгадовы курс філасофіі і архітэктуры. Выкладаў у Полацку, Оршы (1782—1783). Вёў ордэнскую хроніку. У 1783 вывучаў тэалогію Полацку. Там жа выучаў архітэктуру і матэматыку пад кіраўніцтвам Габрыеля Грубера. З 1785 святар, у 1787 прыняў чатыры ордэнскія шлюбы. У 1786—1788 выхавацель у полацкім канвікце. У 1788—1790 пад кіраўніцтвам Грубера вырабляў наглядныя дапаможнікі і механізмы для мясцовага фізічнага кабінета. У 1789—1791 быў душпастырам, апекуном Марыянскай кангрэгацыі студэнтаў. У 1790—1794 пасля Грубера загадваў кафедрай архітэктуры Полацкага калегіума. У 1794—1796 выкладаў філасофію і матэматыку, быў апекуном кангрэгацыі студэнтаў у Віцебску, потым міністр (загадчык агспадаркі), выкладчык архітэктуры, прэфект касцёла, вучнёўскай бурсы пры Магілёўскім калегіуме, у 1797—1798 — у Мсціслаўскім калегіуме.
Памёр у Мсціславе.
Падрабязнасці:
Grzebień Ludwik. Skokowski Manswet // PSB. 38/2. S. 228—229.
Giżycki J. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół od niej zależnych. Kraków, 1905.
Инглот Марек. Общество Иисуса в Российской империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире. М.: Ин-т философии, теологии и истории св. Фомы, Ист. Ин-т О-ва Иисуса, 2004. 630 с., ил.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


