Артыкулы: Семяновіч Казімір

Семяновіч Казімір (каля 1600—пасля 1651) — ваенны дзеяч.
З шляхецкага роду герба «Астоя». Паводле сведчання Юзафа Нарановіча-Наронскага — «шляхціч з Жамойцкага княства».
У маладосці вывучаў матэматыку, геаметрыю, механіку, оптыку, хімію, архітэктуру. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—1634 служыў пад камандай польнага гетмана ВКЛ Крыштафа Радзівіла, удзельнічаў у аблозе Белай (22.3—27.5.1634). З дазволу караля Уладзіслава IV выехаў у Нідэрланды, дзе заставаўся некалькі гадоў. У 1644 удзельнічаў у выправе вялікага кароннага гетмана Станіслава Канецпольскага на туркаў, якая скончылася перамогай пад Ахматавам 30.1.1644. У 1645 у Нідэрландах удзельнічаў у аблозе крэпасці Хюлст войскам Фрыдрыха Генрыха Аранскага. Хутка вярнуўся ў Рэч Паспалітую па патрабаванні Уладзіслава IV, які рыхтаваў выправу супраць Турцыі. У 1646—1647 служыў у артылерыі як інжынер. У 1648 суправаджаў караля ў паездцы ў Вільню, прадставіў яму план выправы супраць казакоў Багдана Хмяльніцкага. Уладзіслаў IV прызначыў Семяновіча намеснікам начальніка кароннай артылерыі. Семяновіч удзельнічаў у падрыхтоўцы артылерыі ў час казацкіх войнаў. Быў абвінавачаны ў фінансавых злоўжываннях, аднак новы кароль Ян ІІ Казімір дазволіў у 1649 Семяновічу выехаць у Нідэрланды. Тут Семяновіча напісаў кнігу «Вялікае мастацтва артылерыі» («Artis magnae artilleriae pars prima», Антверпен, 1650, частка 1-я, на лацінскай мове). У 1651 выдаў французскі пераклад кнігі. Далейшы лёс Семяновіча невядомы. 2-я частка кнігі не выйшла, хоць была падрыхтавана. У 1676 выйшаў нямецкі пераклад кнігі, у 1729 — англійскі пераклад.
Працы:
Siemienowicz Kazimierz. Wielkiej Sztuki Artylerii. Część pierwsza / Przygotowanie i przekład tekstu łacińskiego, przekład, wstęp oraz komentarz Tadeusz Nowak. Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1963. 771 s.
The great art of artillery of Casimir Simienowicz = Вялікае мастацтва артылерыі Казіміра Семяновіча / Уступныя артыкулы, навукова-даведачны апарат, укладанне: П.Д.Падбярозкін, В.В.Урублеўскі. Мінск: Беларуская навука, 2024. 575 с., іл.
Падрабязнасці:
Nowak Tadeusz Marian.Siemienowicz (Siemianowicz, Simienowicz) Kazimierz // Polski słownik biograficzny. Warszawa; Kraków, 1996. Tom XXXVII/1. Zeszyt 152. S. 8—10.
Nowak Tadeusz. Kazimierz Siemienowicz. Ok. 1600—ok. 1651. Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1969. 187 s.
Ивашкявичюс А. Казимир Семенович и его книга «Великое искусство артиллерии. Часть первая». Вильнюс: Минтис 1971. 65 с.
Цярохін С.Ф. Трактат аб артылерыі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1973. № 3. С. 30—32.
Бельскі А.М., Ткачоў М.А.Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мінск: Навука і тэхніка, 1992. 55 с., іл.
Галенчанка Георгі. Казімір Семяновіч (1600—1651) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Выпуск першы. Мінск: БФК, 2000. С. 129—135.
Падбярозкін П.Д. Кім сябе лічыў Казімір Семяновіч? Наяўныя даныя і спроба прасапаграфічнага аналізу // Генеалогія і сямейная гісторыя Беларусі: вопыт міждысцыплінарных даследаванняў. Зборнік навуковых артыкулаў. Мінск: Беларуская навука, 2025. С. 111—126.
Подберёзкин Ф.Д. Как верил Казимир Семенович? Попытка реконструкции вероисповедания автора «Великого искусства артиллерии» (1650) // Актуальные проблемы источниковедения. Материалы VIІI Международной научно-практической конференции. Витебск, 24—26 апреля 2025 г. В 2 томах. Том 1. Витебск: ВГУ имени П.М.Машерова, 2025. С. 241—245.
Подберёзкин Ф.Д. «Artis Magnae Artilleriae Pars Prima»: критерии современного перевода на русский язык // Наука. Библиотека. Информация. Материалы Международной научно-практической конференции, посвященной 100-летию Центральной научной библиотеки имени Якуба Коласа Национальной академии наук Беларуси. Минск, 12—13 февраля 2025 г. Минск: «ИВЦ Минфина», 2025. 500 с. 400 (+е – мало). С. 452—463.
© Валерый Пазднякоў, 2025
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


