Артыкулы: баснійцы
баснійцы, баснякі, народ на Балканах. Мова — сербскахарвацкая, сярод вернікаў пераважаюць мусульмане. У канцы 18 ст. група Б. перасялілася ў ВКЛ, дзе несла вайсковую службу. У 1771—77 вядомы вайсковы атрад Б. у Гародні, які быў падначалены камандаванню мясцовага гарнізона. Налічваў каля 30 чал., у т.л. 5 унтэрафіцэраў, вахмістр, секундвахмістр, 2 капралы, трубача. Атрымлівалі ад дзяржавы коней, узбраенне, уніформу, гаршовую аплату. Выконвалі функцыю міліцыі для каралеўскіх мануфактур і Гродзенскай эканоміі падчас яе кіравання А.Тызенгаўзам. Удзельнічалі ў барацьбе супраць руха сялян, незадаволеных узмацненнем прыгону ў эканоміі і прымусовай працай на мануфактурах. Атрад Б. быў скасаваны ў 1777 у сувязі з заняпадам мануфактур. Пасля гэтага Б. пасяляліся ў Гародні індывідуальна. Тут яны жылі разам з сем’ямі на адной вуліцы, што вяла да карчмы «Раскоша», у спецыяльна для іх пабудаваных дрэздэнскім архітэктарам І.Г.Мёзерам дамах.
Літаратура:
Квитницкая Е.Д. Строительство Тызенгауза в Гродно // Архитектурное наследство. М., 1958. Сб. 11;
Szymański S. Bośniacy w Grodnie końca XVIII wieku // Rocznik Białostocki. Warszawa, 1981. Т. 15.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


