Артыкулы: бельскія мануфактуры і майстэрні
бельскія мануфактуры і майстэрні, прамысловыя прадпрыемствы ў г. Белая ў Берасцейскім ваяв. (цяпер г. Бяла-Падляска, Польшча). Былі арганізаваны ў пач. 18 ст. ўладальніцай горада Г.К.Радзівіл (1676—1746), жонкай канцлера ВКЛ К.С.Радзівіла. У большасці былі першымі адпаведнага профілю мануфактурамі і прадпрыемствамі ў ВКЛ. Асновай рабочай сілы былі наёмныя майстры і дапаможныя работнікі, хоць некаторыя з іх былі з прыгонных сялян. Пры арганізацыі прадпрыемстваў Г.К.Радзівіл арыентаваўся на зах.-еўрапейскія мануфактуры, запрашала замежных майстроў, якія не толькі былі павінны арганізаваць вытворчасць, але і падрыхтаваць сябе змену з мясцовых майстроў. Адносна невялікая сувязь з рынкам перашкаджала развіццю бельскіх прадпрыемстваў, забяспечвала невялікі даход, пагэтаму хутка пасял смерці Г.К.Радзівіл большасць прадпрыемстваў перастала існаваць.
Фаянсавая мануфактура (фарфурня) працавала па меншай меры з 1727. У 1738 вытворчасць была рэарганізавана, ва ўсіх радзівілаўскіх уладаннях пачалі шукаць сыравіну лепшай якасці, прывезла майстроў з Чэхіі. Вырабляла ўпрыгожаны посуд, парцэлянавыя фігуркі. Прадукцыя прызначалася на продаж і падарункі. Вучні, падрыхтаваныя ў Белай, пасля працавалі майстрамі ў арганізаванай у 1742 Свержанскай фаянсавай мануфактуры. Фарфурня была ліквідавана пасля смерці Г.К.Радзівіл.
Гафтавая мануфактура вырабляла вырабы з матэрыі, шытыя сярэбранымі і залатымі ніткамі: арнаты, абіўкі, абразы, спадніцы. Вядома з 1728. Працавалі гафцяр Лянгле (штогод атрымліваў высокі заробак у 1000 злотых), гафцяркі Мікалаеўская, Агароднікава, Палюся, Кася, Марыся, Літоўка, Ахляноўская. Прадукцыя, сярод якой адзначаны рэчы ў кітайскім стылі, прызначалася для княжацкага двара і для падарункаў (у касцёлы і інш.).
Суконная мануфактура працавала з 1737. Першапачаткова майстры былі запрошаны з Члухава (Памор’е). Сярод майстроў былі Генрык Кудэрлей, Герман Альшхаўт, Адам Мантэй, Ян Перлеберг. Працавала на прускай і мясцовай сыравіне.
Майстэрня па вытворчасці габеленаў і дываноў вядома з 1716. Працавалі майстры (у асноўным замежныя) і працаўнікі-кабернікі. Прадукцыя прызначалася на продаж і для радзівілаўскага двара.
Майстэрня па шліфоўцы вырабных камянёў існавала прыкладна з 1720. У 1725—31 яе кіраўніком быў Фішэр (відаць, майстар з Германіі). Прыкладна з 1732 і да 1737 у майстэрні працаваў Ян Унгер з Саксоніі, у 1733 прыняты 2 вучні. Майстэрня вырабляла пячаткі, табакеркі, шабельныя рукаяці, жэтоны для гульні, вазы, чаркі, більярдныя кіі, конскія ўпрыгожанні. Вырабы высока ацэньваліся сучаснікамі. З прыняццем на працу майстра Іаахіма Цэрска (памёр у 1741) выконваліся больш значныя працы — надмагіллі, эпітафіі. Каля 1732 Г.К.Радзівіл запрасіла шліфоўшчыка брыльянтаў з Мангайма, але за год побыту ў Белай ён не змог наладзіць адпаведнай вытворчасці.
Ювелірная майстэрня вядома ў 1724—1739, была месцам працы некалькіх злотнікаў. З іх вядомы Ян Крыштоф Геер (з Германіі?), Беньямін Ляўковіч, Янкель Ляйбовіч, Рафал Бярковіч, Абрам Шламовіч, Юзаф Машковіч (з Любліна). Выраблялі рэчы з каштоўных металаў, якія, відаць, впрызначаліся Радзівіламі ў падарунак.
Сталярная майстэрня вырабляла мэблю. Вядома з 1715. Праекты мэблі выконвалі мастакі Вількоўскі і Фішэр. Сярод прадукцыі адзначаны шафы, бюро, сталы, канапы, скрыні; папулярны былі вырабы ў кітайскім стылі. Некаторыя майстры былі запрошаны з Члухава. Вядомы майстры Гроскі, Родзкі, Ігнацій, Пётр Галячэўскі, Ян Крыштоф Герн (з Дрэздэна), Губерт Бадон (з Францыі), майстры з Літвы, Гданьска. Працавала для радзівілаўскага двара і па заказах іншых асоб.
Штукатарская і разьбярская майстэрня выконвала скульптурныя фігуры з гіпсу і мармуру. Вырабы прызначаліся для Бельскага палаца Радзівілаў, касцёлаў. Паводле некаторых даных, у Белай існавалі таксама пераплётная, гадзіннікавая, сталярная, ткацкая майстэрні, вытворчасць намётаў (гэтая майстэрня вырабляла таксама дываны з аплікацыяй, парасоны, гунькі).
Літаратура:
Mańkowski T. Polskie tkaniny i hafty XVI—XVIII wieku. Wrocław, 1954;
Maszkowska B. Z dziejów polskiego meblarstwa. Wrocław, 1956;
Staszewska M., Jeżewska M. Polski fajans. Wrocław, 1978;
Chojnacka H. Fajanse polskie XVIII—XIX w. Warszawa, 1981;
Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa (1676—1746): Działalność gospodarcza i mecenat. Warszawa, 2000;
Kolendo-Korczakowa K. Działalność ekonomiczna Anny z Sanguszków Radziwiłłowej – manufaktury hafciarskie w świetle nowych znalezisk // Dwory magnackie w XVIII wieku. Rola i znaczenie kulturowe. Warszawa, 2005.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


