Артыкулы: Беразвецкі Петрапаўлаўскі манастыр

Беразвецкі Петрапаўлаўскі манастыр. Заснаваны як мужчынскі базыльянскі ў 1637 старастам і ваяводам мсціслаўскім І.Л.Корсакам. Пабудаваны ў 1643 на паўн. беразе воз. Вялікае каля в. Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае Віцебскай вобл.) паводле фундацыі. Пры манастыры дзейнічала школа, у якой выкладаліся прыродазнаўчыя навукі і замежныя мовы (з 1773 пад апекай Адукацыйнай камісіі), а пасля 1748 — базыльянскі навіцыят. У 1756—64 на месцы старых драўляных будынкаў узведзены новы мураваны манастыр з царквой Пятра і Паўла — адзін з лепшых узораў віленскага барока. Аўтарам праекта царквы лічаць І.К.Глаўбіца, над дэкорам працаваў архітэктар і лепшчык Ян Табіяш Дыдрыштэн (Дыдрыхтэн). У канцы 18 ст. комплекс уключаў царкву з араторыумам (зімовая капліца, прыбудаваная ў 1776), жылыя і гасп. карпусы, школу і сад, абнесеныя мураванай агароджай з брамай. Царква — мураваная 3-нефавая 2-вежавая базіліка з трансептам. Тарцы цэнтр. нефа і трансепта завяршаліся фігурнымі франтонамі. Фасады насычаны багатай дэкаратыўнай пластыкай з элементамі ракако. Гал. фасад з 2 шмат’яруснымі вежамі быў аздоблены рустоўкай, пілястрамі, паўкалонамі, хвалістымі карнізамі, фігурнымі валютамі і праёмамі. Інтэр’ер вызначаўся прыгажосцю аздаблення. Існавалі 7 стукавых алтароў. Царква і жылы корпус былі размаляваны фрэскавым жывапісам. У 1847—74 тут існаваў правасл. мужчынскі манастыр, з 1901 — жаночы. У 1919—39 належаў католікам. У 1960-я г. царква разбурана.

Літаратура:

Березвеч и Красносток: Краткий очерк истории Березвечского женского монастыря Литовской епархии и Красностокской женской обители Гродненской епархии. СПб., 1901;

Вераксин А. Березвечский монастырь Литовской епархии, Дзисненского уезда. Вильна, 1910;

Bohdziewicz P. Kościoł pobazyliański w Berezweczu // Biuletyn historii sztuki. 1983. № 3—4;

Lorentz S. Architekt kościoła w Berezweczu: (w związku z artykułem PiotraBohdziewicza) // Там жа. 1984. № 4;

Гліннік В. Базыльянская царква ў Беразвеччы // Строительство и архитектура Белоруссии. 1990. № 2;

Габрусь Т. Загублены шэдэўр // Страчаная спадчына. 2 выд. Мн., 2003.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.