Артыкулы: бібліятэка Жыровіцкага манастыра
бібліятэка Жыровіцкага манастыра. Існавала пры Жыровіцкім Успенскім манастыры з 16 ст. Вядома паводле вопісаў, пачынаючы з 1731. У 1758 на ўсіх кнігах б-кі пастаўлены надпіс: «Сия книга есть з библиотеки монастыра Жировицкого чину Василия Великого 1758 Anno подписана», былі прастаўлены бібліятэчныя шыфры. Паводле вопіса 1800, у б-цы было 2686 кніг у 3867 тамах, а таксама 537 рукапісаў і 93 гравюры. Кнігі былі размеркаваны па 17 раздзелах. Сярод найстаражытных рукапісаў б-кі — «Ізмарагд» (15 ст.), павучанні Ісаака Сірына (15—16 ст.), Кіева-Пячэрскі пацярык (16 ст.), Жыровіцкае Евангелле (16 ст.). У сувязі з пераводам Літоўскай духоўнай семінарыі з Жыровіч у Вільню частка кніг б-кі перавезена ў Віленскі Троіцкі манастыр. М.Нікалаеў ідэнтыфікаўваў 52 рукапісы з Б.Ж.м. ў сучасных кнігазборах. У цяперашні час у Б-цы АН Літвы захоўваецца 29 рукапісаў з Б.Ж.м., а таксама 14 рукапісаў якія, магчыма, паходзяць з Б.Ж.м. Іншыя жыровіцкія рукапісы зберагаюцца ў Б-цы РАН у Санкт-Пецярбургу, архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута рас. гісторыі РАН, Аддзеле рукапісаў Рас. нац. б-кі ў Санкт-Пецярбургу. Вядома больш за 100 старадрукаў, якія паходзяць з Б.Ж.м.
Літаратура:
Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў Х—XVIII стагоддзях. Мн., 1993;
Попов В.В. Жировичская библиотека // Здабыткі: Дакументальныя помнікі на Беларусі. Мн., 2002. Вып. 5;
Морозова Н.А. Из истории библиотеки Жировицкого монастыря: жировицкие рукописи в библиотеке Академии наук Литвы // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры. Мн., 2006. Ч. 1.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


