Артыкулы: Біржанскі дагавор 1701
Біржанскі дагавор 1701, дагавор паміж Расіяй і Саксоніяй, падпісаны ў ходзе Паўночнай вайны 1700—21 у Біржах 26 лют. (7 сак.). Заключаны рас. царом Пятром І і саксонскім курфюрстам Фрыдрыхам Аўгустам І (адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі Аўгуст ІІ). Бакі пацвердзілі заключаны ў 1699 рас.-саксонскі дагавор, накіраваны супраць Швецыі, і пагадзіліся працягваць вайну супраць яе. Пётр І абавязаўся прадаставіць Саксоніі ў дапамогу войскі, аказваць ёй грашовую субсідыю (штогод 200 тыс. талераў). У выпадку перамогі Інфлянты (Латвія і Эстонія) мелі адысці пад уладу Фрыдрыха Аўгуста, а Інгрыя (Іжорская зямля), Карэлія і Нарва — Расіі. Пётр І выдзяляў Аўгусту ІІ 20 тыс. рублёў на подкуп сенатараў, каб тыя сакцыянавалі ўступленне Рэчы Паспалітай у вайну супраць Швецыі. У заключэнні Б.д. ўдзельнічаў Р.Агінскі, галава шляхецкіх колаў ВКЛ, што змагаліся з групоўкай Сапегаў (гл. Феадальная вайна 1697—1702). Была дасягнута дамова паміж Агінскім і Пятром І, што апошні будзе падтрымліваць антысапегаўскі рух (23.3.1702). Б.д. дзейнічаў да паражэння Саксоніі ад Швецыі і падпісання Альтраштацкага перамір’я 1706.
Літаратура:
Письма и бумаги императора Петра Великого. Т. 1. СПб., 1887;
Рябцевич В. Российско-«польские» монетные эмиссии эпохи Петра I. Тольятти, 1995.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


