Артыкулы: Бужынскі Тадэвуш
Бужынскі Тадэвуш (?—1773), дзяржаўны дзеяч і дыпламат Рэчы Паспалітай. Сын С.А.Бужынскага. Вучыўся ў езуіцкім «Калегіум нобіліум» у Варшаве. Пасол на сойм 1760, стараста краснасельскі, ротмістр войска ВКЛ, у 1763—70 кашталян смаленскі, з 1770 ваявода менскі. Належаў да групоўкі Чартарыйскіх і ў 1764 быў у складзе дэлегацыі да імператрыцы Кацярыны ІІ. На канвакацыйным сойме 1764 прызначаны ў склад камісіі па пераглядзе паўнамоцтваў і рэгламенту Трыбунала ВКЛ. У 1764—66 чл. Скарбовай камісіі ВКЛ. Маршалак Трыбунала ВКЛ 1766, за час яго працы набыў вядомасць сваім сумленнем і ўменнем уладжваць судовыя спрэчкі. На сойме 1768 уваходзіў у склад дэлегацыі па выпрацоўцы «Вечнага» дагавора з Расіяй. Ажыццявіў прыватнае падарожжа ў Англію. У 1769 пасланы Сенатам з дыпламатычнай місіяй у Галандыю і Англію, каб забяспечыць Рэчы Паспалітай падтрымку пры пецярбургскім і стамбульскім дварах. З 1771 у Італіі, памёр у Фларэнцыі.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


