Артыкулы: Булыка Аляксандр Мікалаевіч
Булыка Аляксандр Мікалаевіч (н. 18.3.1935, в. Селішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), беларускі мовазнавец. Чл.-кар. НАН Беларусі (1994), д-р філалагічных навук (1981), праф. (1992). Скончыў БДУ (1959). Настаўнічаў, з 1962 у Ін-це мовазнаўства АН БССР (з 2008 — Ін-т літаратуры і мовазнаўства НАН Беларусі), з 1984 заг. аддзела. Выкладае ў БДУ, Бел. дзярж. педагагічным ун-це. Член Навуковага савету «Мова і грамадства» аддзялення мовы і літаратуры РАН, навуковы сакратар Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі пры НАН Беларусі. Даследуе мову помнікаў старажытнай беларускай літаратуры, старабеларускую графіку, арфаграфію, фанетыку, марфалогію, лексіку і інш., асаблівасці мовы выданняў Ф.Скарыны, асобных помнікаў старабеларускага пісьменства — «Троі», «Трыбунала абывацелям Вялікага княства Літоўскага», Статута ВКЛ, актаў Метрыкі ВКЛ. Усебакова даследаваў лексічныя запазычанні бел. мовы, вывучае іх семантыку, этымалогію, спосабы фанетычнай, марфалагічнай і семантычнай адаптацыі. Навуковы кіраўнік, рэдактар і сааўтар «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (выдаецца з 1982). Адзін з аўтараў выданняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (Мінск, 1970), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (Мінск, 1979), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст.» (Мн., 1988), «Мова выданняў Францыска Скарыны» (Мінск, 1990), «Скарына і яго эпоха» (Мінск, 1990), «Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі» (Мінск, 1999), энцыклапедыі «Беларуская мова» (Мінск, 1994). Адзін са складальнікаў рэстаматыі «Красамоўства ў Беларусі» (Мінск, 2002). Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь (1998
Творы:
Развіццё археаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Даўнія запазычанні беларускай мовы. Мн., 1972;
Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980;
Слоўнік іншамоўных слоў. Мн., 1993 (2 выд. Т. 1—2. 1999);
Большой словарь иноязычных слов. М., 2002;
Орфографический словарь русского языка. М., 2002;
Словарь иноязычных слов: Актуальная лексика. Мн., 2006.
Літаратура:
Паляшчук Н.В. Аляксандр Мікалаевіч Булыка: (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 2005. № 1;
Яе ж. Аляксандр Мікалаевіч Булыка: (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Бел. лінгвістыка. Мн., 2005. Вып. 55.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


