Артыкулы: Адахоўскі Крыштоф
АдахоўскіКрыштоф (?—ліст. 1661), ваенны дзеяч ВКЛ. З шляхецкага роду герба «Наленч», галіна якога ў 16 ст. перасялілася з Польшчы ў ВКЛ. Пасля пачатку паўстання Б.Хмяльніцкага (1648) уступіў у гусарскую харугву К.З.Паца. З нападам на Рэч Паспалітую шведаў (1655) сваім коштам выставіў казацкую харугву, на чале якой ваяваў у Жамойці, Інфлянтах і Курляндыі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у 1659 быў ротмістрам казацкай харугвы ў дывізіі М.К.Паца, з 1660 палкоўнік. Удзельнічаў у бітве на Басі 1660, у баях каля Друі 1661, у Кушліцкай бітве 1661. У вер. 1661 вайсковая канфедэрацыя пазбавіла А. камандавання над палком, але ён захаваў уплыў у войску. Быў сярод канфедэратаў адным з гал. кандыдатаў на пасаду іх маршалка. Належаў да прыхільнікаў паразумення з каралём Янам ІІ Казімірам. Загінуў у сутычцы з прыхільнікамі маршалка канфедэрацыі К.Жаромскага. Трымаў Біржынянскае цівунства ў Жамойці (з 1658 або 1659).
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


