Артыкулы: Акольскі (Okolski) Шыман
Акольскі (Okolski) Шыман (1580, г. Камянец-Падольскі—10.6.1653), польскі гісторык, геральдык. Д-р тэалогіі (1641). З шляхецкага роду герба «Рава». Вывучаў філасофію і тэалогію ў Львове і Балонні. Уступіў у ордэн дамініканцаў. Быў прапаведнікам пры войску гетмана Мікалая Патоцкага, якое змагалася супраць укр. казакоў у 1637—38. Гэтыя падзеі апісаў у кнігах «Dyaryusz transactiey wojennej między wojskiem koronnem i zaporoskiem w r. 1637 miesiąca Grudnia przez Mikołaja Potockiego zaczętej i dokończonej», Замосце, 1638) і «Kontynuacya dyaryusza wojennego…» (Кракаў, 1639). У 1648—52 А. узначальваў Рускую правінцыю ордэна дамініканцаў, гісторыю якой выклаў у кнізе «Russia florida rosis et lillis» (Львоў, 1646; 7-е выд. Лейпцыг 1759). Склаў каталог рымска-каталіцкіх біскупаў Кіева і Чарнігава «Kioviensium et Czernichoviensium episcoporum etc. ordo et numeris descriptus» (Львоў, 1646). Гал. праца А. — генеалагічна-геральдычны даведнік «Польскі свет» («Orbis polonus», т. 1—3, Кракаў, 1641—45), які ўтрымлівае багаты матэрыял па шляхецкіх родах ВКЛ. Гэта праца ў значнай меры заснавана на гербоўніках Барталамея Папроцкага і Альберта Каяловіча, але ўтрымлівае і арыгінальны матэрыял 17 ст., дзякуючы чаму захоўвае навуковую вартасць.
Творы: Biskupów kijowskich i czerniechowskich świętego katolickiego Rzymskiego kościoła porządek i liczba. Kraków, 1853; Dyaryusz transakcyi wojennej między wojskiem koronnem i zaporoskim w r. 1637 tudzież Kontynuacya dyaryusza wojennego w roku 1683. Kraków, 1858; Копия диариуша експедицией военной од ихъ милостей панов гетманов коронных и рицерства полскаго з козаками ребелезуючими отправленой в року 1638, а описаной през велебного отца Симона Околского // Летопись событий въ Юго-Западной России в XVII веке, составил Самоил Величко. Киев, 1864. Т. 4.
Літаратура:
Krzyżanowski S. De Simonis Okolscii vita et scriptis historicis. Kraków, 1870 (змешчана бібліяграфія прац А.).
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


