Артыкулы: Алена (каля 1360—15.9.1437), княгіня серпухаўска-бароўская
Алена (каля 1360—15.9.1437), княгіня серпухаўска-бароўская, жонка князя Уладзіміра Андрэевіча. Дачка вялікага князя літоўскага Альгерда і яго 2-й жонкі Ульяны Аляксандраўны. Шлюб быў заключаны ў час вайны Вялікага князя Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай 1368—72. Летам 1371 паслы Альгерда ў Маскве дамовілся пра перамір’е, якое было змацавана заручынамі паміж А. і Уладзімірам Андрэевічам — стрыечным братам вял. князя маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча. Шлюб быў заключаны ў пач. 1372. Аднак пасля гэтага ваенныя дзеянні працягваліся. Мела сыноў Івана (князь серпухаўскі), Андрэя, Сямёна (князь бароўскі), Яраслава, Фёдара, Андрэя (князь раданежскі), Васіля (князь перамышльскі). Аўдавела ў 1410. Перад смерцю прыняла манаства з імем Еўпраксія.
© Валерый Пазднякоў, 2010
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


