Артыкулы: Аліта
Аліта (літ. Алітус, Alytus, цяпер горад, цэнтр павета і раёна, Літоўская Рэспубліка), мястэчка ў Троцкім пав., на р. Нёман. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы Віганда з Марбурга пад 1377 як адм. цэнтр Алітэн. У дакуменце 1387 вял. кн. Ягайлы названа мястэчкам. Першапачатковае паселішча з драўляным замкам (існаваў у 13—14 ст.) знаходзілася на правым беразе Нёмана, у канцы 15 ст. ўзнікла 2-е паселішча на левым беразе Нёмана. Да 1520 у правабярэжнай А. пабудаваны касцёл св. Людвіка, у 1524 заснаваны парафія і парафіяльная школа. У 1536 вял. кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў А. Яну Забярэзінскаму, ваяводу троцкаму, вял. маршалку ВКЛ, а пасля — сваёй жонцы Барбары Радзівіл. 15.6.1581 А. атрымала магдэбургскае права і герб — выяву белай ружы ў чырв. полі (герб «Порай»). У 1586 заснавана царква.З 1588 цэнтр Аліцкай эканоміі. А. неаднаразова разбуралася ў войнах 17 ст. У 1670 у левабярэжнай А. пабудаваны касцёл св. Анёла-ахоўніка, заснавана парафія. Мястэчка моцна пацярпела ў Паўн. вайну 1700—21 і ад пажараў 1733 і 1736. У 1775 у А. з Трокаў і Мерачы пераведзены павятовыя суды. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) правабярэжная А. ў Рас. імперыі, левабярэжная — у Прусіі.
© Валерый Пазднякоў, 2005
Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацыйДадаць меркаванне


