Артыкулы: Аліўскі мір 1660

Аліўскімір 1660, мірны дагавор, якім скончылася Паўночная вайна 1655—60. Падпісаны 3.5.1660 у Аліўскім кляштары цыстэрцыянцаў каля Гданьска прадстаўнікамі Рэчы Паспалітай, Свяшчэннай Рымскай імперыі і Брандэнбурга з аднаго боку і Швецыі з другога пры пасрэдніцтве Францыі. Перагаворы пачаліся ў Аліве ў студз. 1660. Ад ВКЛ А.м. падпісаў канцлер К.Пац. Кароль польскі і вял. князь літоўскі Ян ІІ Казімір адмовіўся ад правоў на шведскую карону (захаваўшы пажыццёва тытул шведскага караля), а Рэч Паспалітая — ад Інфлянтаў, за выключэннем іх паўд.-ўсх. часткі, дзе пазней створана Інфлянцкае ваяводства. Швецыі адышла тэр. Эстоніі з в-вам Эзель і частка тэр. Латвіі. Курляндскае і Земгальскае герцагства засталося васалам Рэчы Паспалітай. Была пацверджана незалежнасць Прускага герцагства ад Польшчы (умовы Вяляўска-Быдгашцкіх трактатаў 1657), Брандэнбург выводзіў войскі з Памор’я ўзамен за г. Эльбланг. А.м. канчаткова замацаваў за Швецыяй землі, набытыя ёй у ходзе вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 (гл. Альтмаркскае перамір’е 1629).

Літаратура:

Kubala L. Wojny duńskie i pokój oliwski, 1657—1660. Lwów, 1922;

Historia dyplomacji polskiej. Warszawa, 1982. T. 2. S. 216—218.

© Валерый Пазднякоў, 2005

Надрукавать Надрукаваць без ілюстрацый
Дадаць меркаванне

Ю.А.Ябланоўскі

Пячатка Вітаўта

План Віцебска. З кнігі: Памятная книжка Витебской губернии на 1865 год. Издана Витебским губернским статистическим комитетом. Под редакциею А.М.Сементовского. СПб., 1865.